Беларуская Служба

У рамках фестывалю «Непакорныя – нязломныя – выклятыя» можна паглядзець дзясяткі фільмаў, выставы, паслухаць рэпартажы

27.09.2019 15:16
Аўтары закранаюць у сваіх творах тэматыку барацьбы за незалежнасць Польшчы ў 1939-1989 гг.
Аўдыё
  • У Гдыні пачынаецца паказ у рамках фестывалю «Непакорныя – нязломныя – выклятыя»
   ,
У Гдыні пачынаецца фестываль, прысвечаны гісторыіФота: Pixabay.com/CCO Creative Commons/mohamed_hassan

У Гдыні сёння афіцыйна адкрыты ХІ Кінафестываль «Непакорныя – нязломныя – выклятыя». Падчас чатырох дзён, а столькі працягваецца мерапрыемства, будзе прадстаўлена творчасць маладых журналістаў і кінематографаў, якія закранаюць у сваіх рэпартажах і кінафільмах тэматыку барацьбы за незалежнасць Польшчы ў 1939-1989 гг.

Сёлета на фестываль «Непакорныя – нязломныя – выклятыя» прадстаўлена 26 фільмаў у рамках галоўнага конкурсу. У гэтым годзе паявілася таксама новая катэгорыя – Міжнародны конкурс, падчас якога будзе ўручана прэмія за найлепшы фільм на тэму барацьбы за свабоду. У гэтым спаборніцтве ўдзельнічае 11 кінастужак, як польскіх, так і замежных.

Учора ў рамках фестывалю пачаўся праект «Маладыя для гісторыі», а сёння свае фільмы прадстаўляюць прафесійныя дакументалісты. Таксама запланаваныя дэбаты, а вечарам адбудзецца ўручэнне сімвалічных узнагарод – «Пячатка незалежнасці» і «Дзверы да свабоды».

Дырэктар фестывалю Аркадыюш Голэнбеўскі (Arkadiusz Gołębiewski) адзначае, што тэматыка сёлетняга мерапрыемства была пашырана ў параўнанні з ранейшымі фестывалямі, гаворка ідзе не толькі пра барацьбу палякаў з камуністычным рэжымам.

- Мы вырашылі, што ў гэтым годзе неабходна ісці ў такім напрамку, каб пашырыць колькасць панэльных дыскусій, падчас якіх пойдзе гаворка пра мучанікаў за жалезнай заслонай. Гэты фестываль упісваецца ў імкненне многіх народаў Цэнтральнай ды Ўсходняй Еўропы знайсці свае карані. У нас з’явілася магчымасць гэта спалучыць – праз музыку, фільм, розныя культурныя падзеі. Аднак вельмі важныя таксама дэбаты гісторыкаў і публіцыстаў.

Гледачы фестывалю могуць паглядзець дакументальныя кінастужкі, якія змагаюцца ў конкурсе за галоўны прыз падзеі – «Залаты рэзістар». Па словах члена журы Галоўнага конкурсу Марты Плюціньскай (Marta Plucińska), у спаборніцтве за ўзнагароду змагаецца 30 фільмаў, якія паказваюць цяжкія часы нямецкай акупацыі, а пазней камуністычнага рэжыму.

- Гэта гісторыя Польшчы да 1989 году. Дакументальныя фільмы, якія паказваюць магутнасць палітычнай сістэмы, камуністычнага рэжыму, яго ўплыву на жыццё паасобных людзей. Самае важнае ў гэтых кінакарцінах, што яны не паказваюць гісторыі ў яе чыстай форме, не гавораць – маўляў, вось такая была сістэма, такая была ў нас улада. Не, у гэтых фільмах мы бачым гісторыю праз прызму жыцця канкрэтнага чалавека, які ўсё гэта перанёс, для якога гэтыя гістарычныя падзеі былі часткай рэальнага лёсу.

Сёння ў рамках фестывалю слухачы могуць пазнаёміцца з 12 творамі радыёжурналістаў. Іх рэпартажы ўдзельнічаюць у конкурсе на Найлепшы дакументальны радыёсюжэт. Член журы, публіцыст, эсэіст і журналіст Пётр Віт (Piotr Witt) кажа, што ў перадачах закранаецца тэма савецкіх і нямецкіх злачынстваў супраць польскага насельніцтва на ўсходняй частцы польскіх земляў, у Сілезіі ды Памераніі.

- Гэта бясцэнная крыніца ведаў, аповеды сведкаў тых падзей паказваюць праўду. Згаданыя 12 рэпартажаў – гэта амаль выключна інтэрв’ю са сведкамі гістарычных падзей. Тут неабходна вельмі спяшацца, паколькі гэтых людзей з кожным годам усё менш. Гэта салдаты, дзеці салдат, афіцэры, а часам зусім выпадковыя сведкі злачынстваў, мірныя жыхары. Журналістам удалося запісаць успаміны гэтых людзей практычна ў апошні момант.

Падчас фестывалю праходзяць дэбаты з удзелам гісторыкаў і апазіцыйных дзеячаў. Гаворка ідзе пра тое, ці ў Польшчы адказныя за камуністычны рэжым, яго злачынствы, панеслі адпаведнае пакаранне. Мадэратарам дэбатаў з’яўляецца намеснік дырэктара Музею Варшаўскага паўстання Павел Укельскі.

- Дэбаты пад загалоўкам «Спозненая справядлівасць?» датычаць пытання, ці праз 30 гадоў магчыма яшчэ паставіць пад трыбунал камуністычных злачынцаў. Да гэтае пары мала было зроблена ў дадзенай галіне. Акрамя таго, мы хочам прадставіць праект «Еўрапейскай платформы памяці і сумлення», які прадбачвае стварэнне інтэрнацыянальнага суду па справах камуністычных злачынстваў. Мы паразважаем над пытаннем, ці гэта рэальны план.

У рамках фестывалю сёння адбудзецца адкрыццё выставаў, якія суправаджаюць паказы кінафільмаў і прэзентацыю радыёрэпартажаў. На экспазіцыях паказаны між іншым фатаграфіі Варшавы падчас нападзення гітлераўскіх войскаў на Польшчу, можна будзе ўбачыць выставу пад назваю «Жанчыны Салідарнасці».

Медыя-патранат над фестывалем узяло на сябе, у прыватнасці, Польскае радыё.

ІАР ПР/нг