У сучаснай беларускай мове вылучаюцца два спосабы словаўтварэння з іх разнавіднасцямі: афіксацыя і складанне, якія аб’ядноўваюць часта ў больш шырокую адзінку класіфікацыі – марфемнае (або марфалагічнае) словаўтварэнне.
Афіксальныя спосабы маюць неаднолькавую прадуктыўнасць. З сямі афіксальных спосабаў (прэфіксальнага, суфіксальнага, прэфіксальна-суфіксальнага, постфіксальнага, прэфіксальна-постфіксальнага, суфіксальна-постфіксальнага, прэфіксальна-суфіксальна-постфіксальнага) найбольш пашыраныя два першыя: прэфіксальны і суфіксальны .
- Прэфіксальны спосаб заключаецца ў далучэнні прыстаўкі да цэлага слова. Пры гэтым не змяняецца часціна мовы ўтваральнага слова і не змяняецца граматычная характарыстыка слова: тып скланення ці спражэння, напр.: лагічны > алагічны, навуковы > антынавуковы, даць > аддаць, мучыцца > вымучыцца.
- Суфіксальнаму спосабу характэрнае далучэнне суфікса не да цэлага слова, а да яго асновы. Пры гэтым на марфемным шве могуць адбывацца розныя марфаналагічныя змены ўтваральнай асновы і фарманта: чаргаванне зычных, усячэнне словаўтваральнай асновы, накладанне марфем, змена месца націску, напр.: адрадзіць > адраджэнне, актыўны > актывізава(ць), дрэва > драўляны, камень > каменны, домаўладальнік > домаўладальніцкі.
Існуе таксама нульсуфіксальны спосаб, які часцей за ўсё выкарыстоўваецца пры ўтварэнні назоўнікаў, а таксама парадкавых лічэбнікаў, радзей ― адносна-прыналежных і адносных прыметнікаў. Гэтак утвараюцца:
- аддзеяслоўныя назоўнікі мужчынскага роду 2-га скланення са значэннем абстрактнага дзеяння, напр.: вылецець > вылет, пералічыць > пералік, раскалоць > раскол, узламаць > узлом;
- аддзеяслоўныя назоўнікі жаночага роду 1-га скланення са значэннем абстрактнага дзеяння, напр.: астацца > астача, даплаціць > даплата;
- аддзеяслоўныя назоўнікі жаночага роду 3-га скланення са значэннем апрадмечанага дзеяння ці яго выніку, напр.: заесці > заедзь, мазаць > мазь, рэзаць > рэзь;
- аддзеяслоўныя абстрактныя множналікавыя назоўнікі са значэннем апрадмечанага дзеяння, рэшткаў рэчыва, напр: выбіраць > выбары, скакаць > скокі, усходзіць > усходы;
- адпрыметнікавыя назоўнікі жагочага роду 3-га скланення са значэннем абстрактнай прыметы, напр.: белы > бель, высокі > высь, глухі > глуш;
- адназоўнікавыя і адпрыметнікавыя зборныя і абстрактныя назоўнікі ніякага роду 2-га скланення з падаўжэннем каранёвага зычнага, напр.: багаты > багацце, вугаль > вуголле, крыло > крылле;
- парадкавыя лічэбнікі, напр.: пяць > пяты, дзевяноста > дзевяносты, сто > соты;
- адносна-прыналежныя і адносныя прыметнікі: Бог > Божы, воўк > воўчы, нафтаперапрацоўка > нафтаперапрацоўчы, і некаторыя іншыя разнавіднасці нулявой суфіксацыі.
- У беларускіх граматыках адрозніваюцца два віды прэфіксальна-суфіксальнага спосабу:
- Новае слова матывуецца спалучэннем назоўніка з прыназоўнікам, напр. : без душ ы > бяздушны, без клопату > бесклапотны, за возерам > заазер’е(jэ), пад зямл ёй > падзямелле. Польскія мовазнаўцы гэтакі тып словаўтварэння адносяць да суфіксальнага спосабу, таму што прыназоўнікі без, за, пад ды іншыя разам з назоўнікамі уваходзяць у словаўтваральную аснову.
- Новае слова ўтвараецца ад асновы аднаго слова, а не ад спалучэння назоўніка з прыназоўнікам, напр.: гара > узгор’е(jэ), векавечны > увекавечы(ць), сын > усынаві(ць). Тут сапраўды да словаўтваральнай асновы далучаюцца прыстаўкі і суфіксы.
- Пры постфіксальным спосабе фармантамі з’яўляюцца постфіксы -ся (-ца, -цца), -небудзь, -сьці (-сь). Пры словаўтварэнні постфіксы паводзяць сябе як прыстаўкі: далучаюцца не да асновы, а да цэлага слова, напр.: мыць > мыцца, супрацьпастаўляць > супрацьпастаўляцца, дзе > дзе-небудзь, хто > хтосьці (хтось).
- Прэфіксальна-постфіксальным спосабам утвараюцца толькі дзеясловы ад цэлых слоў, утваральная база ў іх – таксама дзеясловы, напр.: званіць > дазваніцца, есці > наесціся, плакаць > расплакацца.
- Суфіксальна-постфіксальным спосабам таксама ўтвараюцца толькі дзеясловы ад назоўнікаў і прыметнікаў. Суфікс разам з постфіксам далучаецца да асновы назоўніка ці прыметніка, напр.: колас > каласі(ц)ца, скупы > скупі(ц)ца.
- Прэфіксальна-суфіксальна-постфіксальным спосабам утвараюцца толькі дзеясловы ад асноў назоўнікаў, прыметнікаў і дзеясловаў, напр.: банкрут > абанкруці(ц)ца, шчодры > расшчодры(ц)ца, хіхікаць > перахіхіквацца.
Пра ўтварэнне складаных слоў слухайце праз тыдзень.
Гл. шырэй: Я.Н. Марозава, Словаўтварэнне. Тэарэтычныя асновы, узоры разбору, тэсты, кантрольная работа, Віцебск 2005, с. 15-18.
Ніна Баршчэўская