Беларуская Служба

«Па-беларуску без памылак»: утварэнне складаных слоў

17.11.2019 21:32
Пры складанні састаўныя кампаненты складаных слоў зліваюцца ў адно цэлае не ў аднолькавай меры. Існуюць чатыры разнавіднасці складання.
Аўдыё
Словаўтварэнне ўзбагачае беларускую мовуФота: Беларуская служба Польскага радыё

„Складанае слова – гэта цэласна аформленае лексічнае ўтварэнне з дзвюх і больш каранёвых марфем. Складаныя словы маюць пэўную граматычную аформленасць: у іх першая частка не змяняецца (за выключэннем складаных лічэбнікаў 50 – 80, 200 – 900);  яны  маюць  адзін  асноўны  націск” (Я.Н. Марозава, Словаўтварэнне. Тэарэтычныя  асновы, узоры  разбору, тэсты, кантрольная  работа, Віцебск 2005, с.18).

Пры складанні састаўныя кампаненты складаных слоў зліваюцца ў адно цэлае не ў аднолькавай меры.  Спосабам складання ўтвараюцца пераважна назоўнікі і прыметнікі. Існуюць чатыры разнавіднасці складання.

  • Словаскладанне (чыстае складанне) – пры гэтым спосабе ў адно слова аб’ядноўваюцца (зрастаюцца) кампаненты словазлучэнняў  з  захаваннем  іх  семантыкі  і  формы, напр.: вечна зялёны > вечназялёны, глыбока паважаны > глыбокапаважаны, лёгка ўзброены > лёгкаўзброены. Фармантам тут з’яўляецца адзіны асноўны націск і замацаваны парадак  кампанентаў.

Да словаскладання адносіцца і нешматлікая група складаных назоўнікаў, утвораных злучэннем  раўнапраўных  кампанентаў, першы  з якіх – нязменнае слова, напр.: кіно і тэатр> кінатэатррадыё і перадача>радыёперадача, фота і выстава> фотавыстава.

  • Асновасловаскладанне – пры гэтым спосабе апошні кампанент у слове роўны цэламу слову, а папярэдні(я) – аснове слова. Фармантам выступае інтэрфікс, адзіны асноўны націск  і  замацаваны  парадак  кампанентаў, напр.: вада і забеспячэнне > водазабеспячэнне, закон і праект > зако­напраект, плацеж і здольны > плацежаздольны.
  • Складана-суфіксальны (у тым ліку складана-нульсуфіксальны) – гэты спосаб  называюць  яшчэ   асноваскладанне з суфіксацыяй (ці з   нулявой  суфіксацыяй). Тут да базавых асноў  далучаецца  і  суфікс,  матэрыяльна  выражаны  альбо  нулявы, напр.: дабро зычыць > добразычлівы, шырокі фармат > шырокафар­матны, дзве кропкі > двукроп’е(jэ).
  • Абрэвіяцыя (складанне скарочаных асноў) – абрэвіятуры    (складанаскарочаныя  словы) утвараюцца без інтэрфіксаў, на базе скарочаных асноў. Гэтым спосабам утвараюцца толькі назоўнікі. Значэнне абрэвіятур раўназначнае значэнню тых словазлучэнняў, якія скарачаюцца. Фармантам пры абрэвіяцыі выступае адзіны асноўны націск, сістэма флексій (калі абрэвіятура зменная),  адвольнае  ўсячэнне  частак  слоў. Выступае некалькі разнавіднасцяў абрэвіяцыі:
  • складовыя абрэвіятуры, у якіх утваральная база ― адвольна ўсечаныя  часткі  базавых  слоў  (графічныя  склады), напр.: Беларуская Энцыклапедыя > БелЭн, камандзір батальёна >  камбат, філалагічны факультэт > філфак.  
  • ініцыяльныя абрэвіятуры  падзяляюцца  на  тры  віды:

а) літарныя, якія складаюцца з пачатковых літар базавага словазлучэння, напр.: Беларуская Народная Рэспубліка > БНР, Вялікае  Княства Літоўскае > ВКЛ, Міністэрства замежных спраў > МЗС;

б) гукавыя, якія  складаюцца  з  пачатковых  гукаў  утваральных  асноў, напр.: Літаратура і Мастацтва >  ЛіМ, Міністэрства ўнутраных спраў > МУС, сродкі масавай інфармацыі > СМІ ; 

в) літарна-гукавыя абрэвіятуры, у якіх ад адных базавых слоў бяруцца  гукі,  а  ад  другіх – літары, напр.: проціпаветраная і хімічная абарона >  ППХА;

- устаўныя (або тэлескапічныя) абрэвіятуры, пры ўтварэнні якіх складваецца  пачатак  першага  слова  і  канец (ці  пачатак і канец) другога, напр.: ваенны  камісарыjат  > ваенкамат, матацыкл  і  веласіпед > мапед,  радыё і станцыя > рацыя;

- змешаныя  абрэвіятуры, сярод  якіх  вылучаюцца  дзве  разна­віднасці:

а) складваюцца  пачатковая частка першага слова і цалкам другое, напр.: медыцынская сястра > медсястра, прафесійны саюз > прафсаюз, спецыяльны курс > спецкурс;

б) складова-ініцыяльныя абрэвіятуры, якія ўтвараюцца з пачат­ковых  частак  адных  слоў  і  пачатковых  гукаў  ці  літар  другіх, напр.: Беларуская акадэмія мастацтваў > БелАМ.

У размоўным стылі часта сустракаюцца абрэвіятуры, утвораныя  шляхам  усячэння  адзіночных  слоў, напр.: рок-н-рол > рок,  бакенбарды > бакі. Часам  да  такіх  усечаных (скарочаных) асноў  далучаюцца  і суфіксы, напр: алкаголік > алкаш,  фатаграфія >     фотка, а таксама відзік, мульцік і іншыя суфіксаль­ныя  ўтварэнні – піша Я.Н. Марозава ў працы Словаўтварэнне. Тэарэтычныя  асновы, узоры  разбору, тэсты, кантрольная  работа, Віцебск 2005, с. 18 – 21. 

Ніна Баршчэўская