Беларуская Служба

«Па-беларуску без памылак»: назоўнік і яго лексіка-граматычныя разрады

01.12.2019 18:42
Паводле лексіка-граматычных разрадаў назоўнікі падзяляюцца на: агульныя і ўласныя, канкрэтныя і абстрактныя, адушаўлёныя і неадушаўлёныя, зборныя, рэчыўныя.
Аўдыё
 :
Беларуская мовы: прафесійная лексікаБеларуская служба Польскага радыё/radyjo.net/Яланта Смялоўская

Назоўнік – гэта часціна мовы, якая мае значэнне прадметнасці,  выражанае марфалагічнымі катэгорыямі роду, ліку і склону. 

Паводле лексіка-граматычных разрадаў назоўнікі падзяляюцца на: агульныя і ўласныя, канкрэтныя і абстрактныя, адушаўлёныя і неадушаўлёныя, зборныя, рэчыўныя.

  • Агульныя назоўнікі выдзяляюцца на аснове таго, што яны абагульняюць назвы аднародных прадметаў у адзін клас і абазначаюць не асобныя прадметы, а мноства прадметаў, напр.: дом, кніга, лес, ягада.
  • Уласныя назоўнікі абазначаюць асобныя прадметы і рэаліі з шэрагу аднатыпных, індывідуалізуюць іх, напр.:Алесь – сярод мноства імёнаў, Беларусь – сярод мноства краін, Мінск – сярод мноства гарадоў, і пішуцца заўсёды з вялікай літары. Сярод уласных імёнаў вылучаюцца:
  • імёны і прозвішчы людзей, напр.: Кастусь Каліноўскі, Адам Міцкевіч, Максім Багдановіч;
  • тапанімічныя і астранамічныя назвы, напр.: Вільня, Карпаты, Нараў; Венера, Марс;
  • найменні прадпрыемстваў, арганізацый, выдавецтваў і інш., напр. Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”, тыднёвік “Ніва”, выдавецтва “Полымя”.
  • Канкрэтныя назоўнікі абазначаюць не толькі ўспрымальныя нашымі органамі пачуццяў прадметы, напр: дрэва, кветка, стол, але і больш ёмістыя рэаліі, калі нашымі органамі пачуццяў фіксуецца толькі іх частка, напр.: горад, мора, рака. Канкрэтныя назоўнікі мужчынскага роду ў родным склоне адзіночнага ліку маюць канчаткі -а, (-я), напр.: аўтобуса, дывана, стала.
  • Абстрактныя назоўнікіабазначаюць адцягненыя паняцці, пачуцці, якасці, прыкметы, напр.: свабода, каханне, шчырасць, зелень, холад. Яны не спалучаюцца, як правіла, з лічэбнікамі і рэдка выкарыстоўваюцца ў форме множнага ліку. Абстрактныя назоўнікі мужчынскага роду ў родным склоне адзіночнага ліку маюць канчаткі -у, (-ю), напр.: бою, гневу, характару. Па свайму ўтварэнню абстрактныя назоўнікі часта з’яўляюцца аддзеяслоўнымі ці адпрыметнікавымі, напр.: мітусня, хваляванне; блакіт, чырвань. Канкрэтны або абстрактны характар некаторых назоўнікаў можа вызначацца кантэкстам, параўнайма, напр. словазлучэнні лясная дарога і жыццёвая дарога: першае з іх – канкрэтнае, а другое – абстрактнае.   
  • Адушаўлёныя назоўнікі звычайна абазначаюць жывых істот, напр.: воўк, конь, журавель, чалавек, але да гэтай катэгорыі залічаюцца і нежывыя людзі, напр.: мярцвяк, нябожчык, тапелец, або міфічныя істоты, дэманы, напр.: русалка, вядзьмак, чорт, ці нават шахматныя фігуры, цацкі, напр.: ферзь, лялька, козыр. Характэрнай марфалагічнай рысай адушаўлёных назоўнікаў з’яўляецца супадзенне формы вінавальнага склону множнага ліку з формай роднага склону, напр.: прыгнаць кароў, сустрэць вяскоўцаў.
  • Неадушаўлёныя назоўнікі называюць нежывыя прадметы, паняцці, падзеі, прыкметы і інш., напр.: крэсла, нядоля, патрыятызм, фіялет. Да гэтай катэгорыі належаць таксама назоўнікі, якія называюць расліны, мікраарганізмы, хаця з біялагічнага пункту гледжання яны жывыя, напр.: аер, грыб, дуб, вірус. Да неадушаўлёных назоўнікаў адносяцца і абазначэнні сукупнасці людзей ці іншых жывых істот, напр.: натоўп, статак, табун. У неадушаўлёных назоўнікаў форма вінавальнага склону множнага ліку супадае з формай назоўнага склону, напр.: купіць кнігі, парубаць дровы.
  • Зборныя назоўнікі абазначаюць сукупнасць аднародных прадметаў (адушаўлёных і неадушаўлёных), што ўяўляюць сабой адно цэлае, напр.: звяр’ё, моладзь; каменне. Большасць зборных назоўнікаў ужываецца ў форме адзіночнага ліку і не спалучаецца з колькаснымі лічэбнікамі. Характэрныя ім спецыфічныя словаўтваральныя суфіксы -ств- (-цтв-), -нік-, -няк-, -ін-, -ар-, -ур- і інш., напр.: птаства, стурэнцтва, хвойнік, маладняк, садавіна, дзетвара, агентура.
  • Рэчыўныя назоўнікі абазначаюць аднародныя па саставу матэрыялы, рэчывы. Яны (так як зборныя) не маюць супрацьпастаўленых адпаведнікаў па ліку і выступаюць або толькі ў форме адзіночнага ліку, напр.: вугаль, малако, цукар, цэмент, або толькі множнага ліку, напр.: апілкі, дрожджы, духі. Рэчыўныя назоўнікі мужчынскага роду ў родным склоне звычайна маюць канчатак у (-ю), напр.: алею, мёду, цукру, але аўса, хлеба.

Да рэчыўных назоўнікаў адносяцца:

  • найменні металаў, напр: алюміній, бронза, жалеза;
  • хімічных элементаў, напр.: азот, аміяк, кісларод;
  • прадуктаў харчавання, напр.: алей, мука, хлеб;
  • лякарстваў і медыцынскіх прэпаратаў, напр.: валідол, ёд, стрэптацыд;
  • раслін, напр.: ажына, чарот, шыпшына;
  • прамысловых вырабаў, напр.: абутак, сукно, шоўк;
  • сельскагаспадарчых культур, напр.: авёс, бульба, капуста;
  • вадкасцяў і сыпучых матэрыялаў, напр.: вада, нафта, пясок;
  • прыродных з’яў, напр.: град, дождж, снег.

Працяг тэмы – праз тыдзень.

Шырэй гл.: Л.А. Антанюк, Б.А. Плотнікаў, Беларуская мова: прафесійная лексіка, Мінск 2005, https://studfile.net/preview/7414205/page:10/

Ніна Баршчэўская

Больш на гэтую тэму: Па-беларуску без памылак