Беларуская Служба

«Па-беларуску без памылак»: катэгорыя роду назоўніка

08.12.2019 15:33
У большасці назоўнікаў адзіночнага ліку род выражаецца з дапамогай канчаткаў, на аснове якіх усе гэтыя назоўнікі размяркоўваюцца па трох родах: мужчынскім, жаночым і ніякім.
Аўдыё
 :
Беларуская мовы: прафесійная лексікаБеларуская служба Польскага радыё/radyjo.net/Яланта Смялоўская

У большасці назоўнікаў адзіночнага ліку род выражаецца з дапамогай канчаткаў, на аснове якіх усе гэтыя назоўнікі размяркоўваюцца па трох родах: мужчынскім, жаночым і ніякім.

У выпадку адушаўлёных назоўнікаў род выразна матывуецца біялагічным полам, дзякуючы чаму семантыка назоўнікаў утварае натуральнае супрацьпастаўленне назоўнікаў мужчынскага і жаночага роду, ды назоўнікаў ніякага роду на абазначэнне маладых істот, напр.: авечка – баран – ягня, конь – кабыла – жарабя, мужчына – жанчына – дзіця.

Назоўнікі, якія з’яўляюцца запазычанымі нескланяльнымі словамі, найчасцей суадносяцца з двума родамі: неадушаўлёныя назоўнікі належаць да ніякага роду, напр.: жэле, кафэ, кімано, а адушаўлёныя – да мужчынскага роду, напр.: аташэ, какаду, шымпанзе, хіба што біялагічна суадносяцца з жаночым полам, напр.: мадам, лэдзі. У тэксце род нескланяльных назоўнікаў праяўляецца сінтаксічна праз форму дапасаванага да іх азначэння, напр.: каляровае кімано, ветлівая мадам, замежны аташэ.

Род запазычаных назоўнікаў з нязменнай формай, якія абазначаюць птушак, жывёл, некаторыя неадушаўлёныя прадметы, часам звязваецца з граматычнымі паказчыкамі родавага наймення, напр.: цэцэ ‘муха’ – жаночы род, сірока ‘вецер’ – мужчынскі род, цынандалі ‘віно’ – ніякі род.

Таксама пры вызначэнні роду нязменных назоўнікаў, якія абазначаюць геаграфічныя паняцці і аб’екты, служаць назвамі газет, часопісаў і да т.п., выкарыстоўваецца граматычны паказчык роду абагульненага наймення, што ўключае ў сябе гэтыя назоўнікі, напр.: Антарыо ‘возера’ – ніякі род, Батумі ‘горад’ – мужчынскі род, Місісіпі ‘рака’ – жаночы род.

Скланяльныя назоўнікі маюць свае марфалагічныя паказчыкі:

  • да мужчынскага роду адносяцца назоўнікі з нулявым канчаткам у назоўным склоне і канчаткамі-а (-я), -у (-ю) у родным склоне, напр.: стол – стала, каваль – каваля, цукар – цукру, вугаль – вугалю, а таксама назвы асоб мужчынскага полу, якія маюць канчатак -а, (-я) у назоўным склоне, напр.: бацька – бацькі,  дзядуля – дзядулі;
  • да жаночага роду належаць назоўнікі з канчаткамі -а (-я) і нулявым канчаткам у назоўным склоне ды з канчаткам -ы (-і) у родным склоне, напр.: зіма – зімы, зямля – зямлі, восень – восені;
  • да ніякага роду адносяцца назоўнікі з канчаткамі -о (-ё), -а (-я), -е ў назоўным склоне ды назоўнікі на -мя, напр: акно – акна, мора – мора, поле – поля, цяля / цялё – цяляці, полымя – полымя.
  • некаторыя назоўнікі маюцьварыянтныя формы роду, г. зн. ужываюцца ў мужчынскім, у жаночым і ў ніякім родах, напр.: салат – салата, шаша шасэ і інш.

Для сучаснай беларускай мовы характэрнай з’яўляецца наяўнасць групы адушаўлёных назоўнікаў на -а (-я) агульнага роду, якія могуць мець і мужчынскі, і жаночы род, што знаходзіць сваё фармальнае падмацаванне толькі сінтаксічнымі сродкамі, напр.: плакса – вялікі плакса,  вялікая плакса, іншыя такія назоўнікі: непаседа, няўмека, сірата.

Некаторыя назоўнікі марфалагічна належаць да мужчынскага роду, але могуць суадносіцца з найменнямі асоб і мужчынскага, і жаночага полу, што сінтаксічна можа выражацца адпаведнымі канструкцыямі тыпу Прафесар прачытаў лекцыю і Прафесар прачытала лекцыю. Гэта ў асноўным назвы розных прафесій, якія ў мінулым традыцыйна выконвалі мужчыны, напр.: кіраўнік, міністр, філолаг, якія сёння часта фемінізуюцца, асабліва ў размоўным стылі, напр.: кіраўніца / кіраўнічка, міністарка, прафесарка.    

У беларускай мове ў выніку інтэрферэнцыі з расійскай мовы назіраецца памылковае ўжыванне назоўнікаў у неадпаведным родзе, напр. злая сабака замест злы сабака, густая пыль замест густы пыл, доўгая цень замест доўгі цень.

У абрэвіятурах род назоўнікаў вызначаецца паводле роду апорнага слова: БНР – Беларуская Народная Рэспубліка – жаночы род, ЦУМ – Цэнтральны універсальны магазін – мужчынскі род, СКБ – спецыяльнае канструктарскае бюро – ніякі род. Род тых абрэвіятур, што скланяюцца, вызначаецца не адпаведнай граматычнай прыкметай стрыжнявога слова, а фармальным паказчыкам, які праяўляецца гэтай абрэвіятурай, напр.: ВАК – Вышэйшая атэстацыйная камісія, ВАКам – мужчынскі род і інш.).

Шырэй гл.: Л.А. Антанюк, Б.А. Плотнікаў, Беларуская мова: прафесійная лексіка, Мінск 2005

Ніна Баршчэўская

Больш на гэтую тэму: Па-беларуску без памылак