Беларуская Служба

Гісторык: Беларускі з даваеннай Польшчы дзякуючы працы ў Латвіі павыходзілі замуж

17.06.2021 15:01
Выйшла кніга Юрыя Грыбоўскага „Emigracja zarobkowa z Polski na Łotwę i do Estonii w latach 1928-1939”.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". Ю.Грыбоўскі пра эмігрантаў з РП у Латвіі і Эстоніі.
     Emigracja zarobkowa z Polski na Łotwę i do Estonii w latach 1928-1939.
Юры Грыбоўскі і яго кніга „Emigracja zarobkowa z Polski na Łotwę i do Estonii w latach 1928-1939”.Viktar Korbut; Wuw.pl

З 1928 года жыхары Рэспублікі Польшча, у прыватнасці, з беларускіх зямель выязджалі на сезонныя работы ў Латвію і Эстонію. Што прымушала іх шукаць лепшай долі за граніцай? Пра праблему эканамічнай эміграцыі беларусаў з Польшчы ў Латвію і Эстонію ў міжваенны перыяд у Выдавецтвах Варшаўскага ўніверсітэта выйшла кніга вядомага ў Польшчы і Беларусі даследчыка беларускай эміграцыі, выкладчыка Варшаўскага ўніверсітэта доктара габілітаванага, прафесара ўніверсітэта Юрыя Грыбоўскага „Emigracja zarobkowa z Polski na Łotwę i do Estonii w latach 1928-1939” (“Эміграцыя на заробкі з Польшчы ў Латвію і Эстонію ў 1928-1939 гг.”).

Юры Грыбоўскі разглядае праблему эміграцыі на заробкі з беларускіх зямель Польшчы праз прызму палітычных, эканамічных, сацыяльных, дэмаграфічных і нацыянальных працэсаў, якія адбываліся ў той час у Польшчы і краінах Балтыі. Юры Грыбоўскі прааналізаваў розныя аспекты жыцця палякаў і беларусаў за граніцай, у т.л. адносіны з уладамі і мясцовым насельніцтвам у краінах Балтыі, сувязі з польскай меншасцю ў Латвіі і Эстоніі.

Юры Грыбоўскі:У дзяцінстве маю ўвагу звярнулі здымкі бабулі Вольгі Кароль у маладосці, у шыкоўнай сукенцы, з незнаёмымі мне жанчынамі ў іншай краіне. Яна мне патлумачыла, што незадоўга да пачатку Другой сусветнай вайны, калі ёй было 17 гадоў, яна, непаўнагадовая, паехала ў Латвію, дзе працавала два гады. Яна была сіратою, галеча прымусіла яе паехаць за граніцу. Вярнулася з грашыма, мела пасаг, што дазволіла ёй яшчэ напярэдадні вайны выйсці замуж.

Гісторыя бабулі натхніла Юрыя Грыбоўскага зацікавіцца як лёсам беларусаў у Латвіі, так і вывучэннем гісторыі ўласнай сям’і. У выніку, пачаліся грунтоўныя даследаванні, адным з вынікаў якіх з’яўляецца кніга „Emigracja zarobkowa z Polski na Łotwę i do Estonii w latach 1928-1939”.

Юры Грыбоўскі:Бабуля нарадзілася ў Валожынскім павеце. У 1930-я гады адсюль, а таксама з Браслаўшчыны, Вілейшчыны, Маладзечаншчыны паходзіла большасць сельскагаспадарчых эмігрантаў, якія ехалі з Польшчы на сезонныя работы ў Латвію і Эстонію. Гэта часта былі непаўнагадовыя дзяўчаты, якія шукалі дабрабыту.

Мая бабуля, як і дзясяткі тысяч яе суайчыннікаў, працавала на сельскагаспадарчых работах у Латвіі, дзе, як і ў Эстоніі, не хапала рабочых рук, а ў Польшчы не было працы. Бабуля ўспамінала, што працавала цяжка, трэба было рана прачынацца, позна класціся.

Юры Грыбоўскі адзначае, што праца работнікаў з Польшчы, у т.л. беларусаў, у Латвіі і Эстоніі мела сезонны характар. Людзі выязджалі на працу ў сакавіку-красавіку, калі пачыналіся першыя сельскагаспадарчыя работы, а вярталіся на бацькаўшчыну ў лістападзе — пачатку снежня. Хаця праца была цяжкая, а працадаўцы патрабавальныя, беларускія работнікі з Польшчы не адмаўляліся ад паездак за граніцу па заробак.

Юры Грыбоўскі:Большасць эмігрантаў вярталіся задаволеныя, бо не дасягнулі б таго, чаго дасягнулі дзякуючы сезоннай працы ў Латвіі і Эстоніі. Бабуля расказвала, што ў латышоў цяжка было працаваць, але сумленная праца прыносіла нейкую капейчыну на жыццё.

Юры Грыбоўскі гаворыць, што большасць работнікаў з беларускіх зямель Польшчы ў Латвіі і Эстоніі складалі дзяўчаты, якія хацелі сабраць грошы на пасаг і выйсці замуж.

Юры Грыбоўскі:Мая бабуля падкрэслівала, што дзякуючы працы ў Латвіі выйшла замуж. Гэта знаходзіць пацвярджэнне ў архіўных дакументах пра іншых людзей. Заробленыя грошы дазвалялі набыць швейную машыну, прас, а хлопцы ганарыліся тым, што зарабіўшы куплялі патэфоны, веласіпеды. Сезонная эміграцыя давала людзям заробак і была вельмі папулярная. Былі і тыя, хто ехаў у Латвію і праводзіў там па пяць гадоў, а то і не вяртаўся, выбіраючы Латвію або Эстонію другой бацькаўшчынай. Прыбалтыйскія краіны перажывалі ў той час гаспадарчы бум.

Юры Грыбоўскі ў сваёй кнізе дае адказы на пытанні, як знаходжанне ў іншай краіне змяніла стаўленне эмігрантаў да ўласнай краіны і як гэта паўплывала на эканамічнае становішча Польшчы. Даследчык не пакінуў па-за ўвагай і лёсу эмігрантаў з Польшчы пасля пачатку Другой сусветнай вайны і акупацыі часткі тэрыторыі Польшчы, а затым Латвіі і Эстоніі Савецкім Саюзам.

Віктар Корбут

Cлухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Гісторык: Беларускія хрысціянскія дэмакраты ў даваеннай Польшчы захоўвалі ідэалы 25 Сакавіка

22.04.2021 10:02
Аляксандр Пагарэлы расказвае, што Беларуская хрысціянская дэмакратыя ў даваеннай Польшчы адназначна выступала за незалежнасць Беларусі.

Гісторык: З даваеннай Польшчы ў Аргенціну эмігрыравалі перш за ўсё яўрэі, украінцы і беларусы

29.04.2021 10:03
Кандыдат гістарычных навук Сяргей Шабельцаў расказвае пра эміграцыю беларусаў з даваеннай Польшчы ў Аргенціну.

Гісторык: Савецкая хлусня пра падзеі верасня 1939 г. выкарыстоўваецца прапагандай Лукашэнкі

03.06.2021 10:03
Цэнтр польска-расійскага дыялогу і паразумення выдаў кнігу „Za pierwszych Sowietów. Polsko-białoruskie pogranicze 1939–1941 w relacjach mówionych mieszkańców Białorusi”.