Беларуская Служба

Урок польскай мовы: музыкант Rubens пытаецца, ці ўсё ОК

03.02.2022 18:25
Гітарыст Пётр Рубік вырашыў спрабаваць свае сілы ў спеве і запісаў першую песню.
Аўдыё
Rubens (Piotr Rubik)
Rubens (Piotr Rubik)Sony Music Polska/mat. prasowe

Сёння я распавяду пра выканаўцу, які толькі-толькі пачаў сольную кар’еру, хаця эстраднай творчасцю ён займаецца ўжо даўно. Гаворка ідзе пра Пятра Рубіка, гітарыста розных калектываў, які вырашыў спрабаваць свае сілы ў спеве і запісаў першую кампазіцыю. Пётр узяў сабе сцэнічны псеўданім Rubens.

Як адзначае сам выканаўца, у яго такі характар, што ён рэдка задаволены тым, куды прыйшоў у сваёй кар’еры і пастаянна яму хочацца спрабаваць нешта новае. Таму, нягледзячы на тое, што ў яго ўжо была слава выдатнага музыканта, гітарыста, ён узяў мікрафон і пачаў спяваць. А, парадаксальна, дапамог яму ў гэтым час пандэміі, калі ўсё амаль замерла, затрымалася, таму ў музыкантаў было шмат часу, каб падумаць пра сваё жыццё, можа, пераацаніць яго і распачаць новую справу.

Па словах Рубэнса, першая запісаная ім кампазіцыя сведчыць аб неабходнасці клапаціцца пра іншых людзей, якія побач з намі, але аўтар пакідае магчымасць больш падрабязнай інтэрпрэтацыі песні слухачам.

Як правіла музыканты, расказваючы пра сваю любоў да спеву, кажуць, што яны спявалі заўсёды, колькі сябе памятаюць. У гэтым сэнсе Рубэнс – выключэнне. Ён адзначае, што раней яго не цягнула спяваць, а пачаў гэта рабіць зусім нядаўна. А мы, слухачы, можам ацаніць, што з гэтага атрымалася. Першая песня Рубэнса называецца «Усё ў парадку?» (Wszystko ок?).

Powiedz mi, czy wszystko оk?

Czy jest tam ktoś, kto o Ciebie dba

Powiedz mi jak mijają dni

Bo martwię się o każdy z nich

Usłyszeć chcę, że wszystko ok

Że dobrze się masz

I nie brakuje Ci nic

Usłyszeć chcę, że wszystko ok

Że dobrze się masz

I nie potrzeba mnie tam

Powiedz mi, jak idziesz spać

Czy nogi przykrywa ktoś

Czy wodę na rano masz

Powiedz mi, czy jest tam on

Czy drapie po szyi

Kiedy masz już dość

Usłyszeć chcę, że wszystko ok

Że dobrze się masz

I nie brakuje Ci nic

Usłyszeć chcę, że wszystko ok

Że dobrze się masz

I nie potrzeba mnie tam...

Скажы мне, ці ўсё ў парадку? Ці ёсць там хто-небудзь, хто клапоціцца пра цябе? Скажы мне, як праходзяць дні, бо я хвалююся за кожны з іх. Я хачу пачуць, што ўсё ў парадку, што ў цябе ўсё добра і нічога не патрэбна табе. Скажы мне, калі ты кладзешся спаць, ці нехта прыкрывае табе ногі, ці на раніцу ёсць вада? Скажы мне, ці ёсць там ён, хто чухае цябе на шыі, калі табе ўсё ўжо надакучыла, я хачу пачуць, што ў цябе ўсё добра, і табе нічога не трэба, што ўсё ў парадку, і я табе не патрэбны. Я хачу пачуць, што ў цябе ўсё добра.

Wszystko OK? – ці ўсё ў парадку? Правільней па-польску было б сказаць «czy wszystko jest OK?», але ў кароткіх тэкстах часціца czy, а таксама форма дзеяслова быць (jest) часам прапускаецца, і вядома, што гэта пытанне, толькі дзякуючы пытальнай інтанацыі. Асобна варта затрымацца на кароценькай абрэвіятуры O.K. Праўда, гэта слова ангельскага паходжання, але яно ўжо настолькі моцна ўвайшло ў польскую мову, прыжылося ў ёй, што палякі вельмі часта ім карыстаюцца, асабліва маладое пакаленне не ўяўляе сабе жыцця без ОК. А старэйшае пакаленне гэта можа нерваваць, мой тата не любіць, калі мае дзеці пастаянна, адказваючы на нейкія пытанні, замест dobrze, кажуць ОК. Этымалогія гэтага кароценькага слова настолькі цікавая, што варта прысвяціць ёй крыху ўвагі. Асабліва цікава тое, што, верагодней за ўсё, ОК паявілася дзякуючы памылцы, дарэчы, як многія іншыя адкрыцці на свеце. Існуе легенда, даволі падобная на праўду, што першым гэтым словам скарыстаўся амерыканскі прэзідэнт Эндру Джэксан (Andrew Jackson), напісаўшы скарочаную форму словазлучэння «all correct». Гэта значыць «усё правільна», але, паколькі ён слаба ведаў ангельскую мову, першыя літары напісаў няправільна, так як гучаць, а не як пішуцца – «oll korrect». І так засталося.

Dobrze się masz – вельмі папулярны зварот у Польшчы, што азначае – у цябе ўсё ў парадку, ты сябе добра адчуваеш, палякі вельмі часта пытаюць, калі вітаюцца са знаёмымі – jak się masz – як у цябе справы, як жывеш.

Masz dość – таксама папулярнае словазлучэнне ў польскай мове. Яно азначае – мне надакучыла, досыць, даўжэй не хачу так, як раней.

Wodę na rano masz – у цябе ёсць вада на раніцу. Дзеяслоў мець ужываецца ў польскай мове значна часцей, чым у беларускай. Той, хто вывучаў ці вучыць польскую, пра гэта ведае. І трэба памятаць такія вельмі папулярныя польскія звароты – напрыклад, палякі часта кажуць masz, калі нешта падаюць. Беларус бы сказаў «трымай». Канешне, гаворка ідзе пра гутарковую мову, не афіцыйную. Афіцыйна сказалі б «proszę» (калі ласка).

нг 


Больш на гэтую тэму: Музычны ўрок польскай мовы