Беларуская Служба

Гісторык: Падчас Першай сусветнай вайны бежанцы з Польшчы ўключыліся ў грамадскае жыццё ў Беларусі

03.03.2022 15:03
Польскі вучоны Дарыюш Тарасюк даследуе гісторыю палякаў у цэнтральнай і ўсходняй Беларусі.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". Д.Тарасюк пра бежанцаў-палякаў у Беларусі ў 1915-1918 гг.
 Kalendarz Miński na rok 1918.  .
Выданне Kalendarz Miński na rok 1918. Фрагмент вокладкі.Domena publiczna

Вядомы польскі вучоны Дарыюш Тарасюк даследуе гісторыю палякаў у Мінску і ў цэнтральнай і ўсходняй Беларусі. Ён вывучае сярод іншага лёс палякаў, якія ў выніку Першай сусветнай вайны — падчас наступлення немцаў з захаду на Расійскую імперыю, у склад якой уваходзіла і частка Польшчы, і Беларусь — былі вымушаны ўцякаць з Польшчы ўглыб Расійскай імперыі, у т.л. на беларускія землі.

Бежанцаў з Польшчы налічвалася ад 700 тыс. да 1 млн чалавек. Ва ўсходняй Беларусі іх асела каля 200 тыс. І побач з імі жыло мясцовае польскамоўнае насельніцтва — каля 100 тыс.

Пра падзеі больш як стагадовай даўнасці Дарыюш Тарасюк расказаў на міжнароднай навуковай канферэнцыі “Палякі ў Беларусі ад Студзеньскага паўстання да XXI ст.”, якую 3-5 лістапада 2021 г. правялі ў Вільні Цэнтр усходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэта, МЗС РП, пасольства РП у Літве.

Дарыюш Тарасюк: — Бежанцаў з Польшчы ў цэнтральнай і ўсходняй Беларусі апынулася, такім чынам, у два разы больш, чым мясцовага польскамоўнага насельніцтва. З’ява бежанства на тэрыторыі Беларусі мела наступныя асаблівасці: заходняя частка сучаснай тэрыторыі Беларусі апынулася пад нямецкай акупацыяй, а напярэдадні акупацыі значная частка тутэйшага насельніцтва ўцякла на ўсход. Усходняя ж частка Беларусі якраз прымала масы бежанцаў.

На лёс людзей уплывалі многія фактары. Гэта і псіхалагічная траўма ад вайны як такой, экстрэмальныя сітуацыі, рэвалюцыі, працэсы нацыянальнага ўсведамлення народных мас. У сувязі з гэтым цяжка сказаць, што на самай справе аказала наймацнейшы ўплыў на жыццё мясцовай польскай грамадскасці ў Беларусі — прыбыццё прымусовых мігрантаў з польскіх зямель ці нешта іншае. Бо ўсё разам складвалася ў вельмі складаную сітуацыю.

Аднак можна выказаць тэзіс, што бежанцы з Польшчы актывізавалі грамадскае жыццё мясцовага польскага насельніцтва (у Беларусі. — Рэд.).

Вайна мяняла звыклы лад жыцця людзей.

Прыбыццё бежанцаў з Польшчы ў Беларусь садзейнічала пашырэнню сферы выкарыстання польскай мовы і распаўсюджванню польскай культуры ў грамадскім жыцці. Па-другое, палякі з Польшчы дзяліліся вопытам грамадскай работы з мясцовымі палякамі ў арганізацыях, якія ствараліся для бежанцаў або імі самімі.

Прыбыццё ў Беларусь вялікай колькасці польскамоўных бежанцаў значна ўзмацніла прысутнасць польскай мовы ў грамадскім жыцці. Выдатным прыкладам тут можа быць Мінск. Разам з прыездам палякаў з Польшчы з правінцыі ў горад прыбылі мясцовыя польскія землеўладальнікі. У той жа час з горада выехала многа расійскіх чыноўнікаў. У сувязі з гэтым многія бежанцы ў той час успрымалі Мінск "польскім" горадам, бо амаль на кожным кроку была чуваць польская мова, у большасці крам можна было гаварыць по-польску.

Аднак сведкі тагачасных падзей заўважылі, што паміж палякамі з Польшчы і мясцовымі палякамі існавала вялікая розніца ў паводзінах. Былі выпадкі сімпатыі і антыпатыі. Аднак, па вялікім рахунку, гэта ўзаемадзеянне прыводзіла да ўмацавання пазіцый польскай мовы і культуры ў Расійскай імперыі.

У многіх мясцовасцях Беларусі прыбыццё польскіх бежанцаў абудзіла мясцовых палякаў. Сярод многіх палякаў у Беларусі ў той час з’явілася перакананне, што нельга стаяць убаку ад грамадскага жыцця і гістарычных падзей. У прыватнасці, пачалося развіццё сістэмы школьнай адукацыі. Справа ў тым, што бежанцы жылі паводле “варшаўскага заканадаўства”. Бежанцы маглі адкрываць школы без згоды мясцовых улад паводле згоды “варшаўскіх” улад, якія эвакуіраваліся з Варшавы ў Маскву. Тэарэтычна ў гэтыя школы не маглі прымаць дзяцей мясцовых палякаў, але гэта забарона не раз парушалася. У выніку, мясцовыя дзеці (“беларускіх” палякаў. — Рэд.) маглі паўлегальна наведваць такія школы.

Аднак у чэрвені 1918 г. пачалася рээміграцыя палякаў з Польшчы на бацькаўшчыну.

Ацэньваючы знаходжанне палякаў з Польшчы ў Мінску адзін з журналістаў пісаў у ліпені 1918 г.: “Прачнулася грамадская думка сярод нашых палякаў. Сярод нас з’явілася жаданне дзейнічаць, ствараць новыя асновы жыцця народа, які адраджаўся”. Публіцысты заўважалі, што пасля выезду бежанцаў польскае культурнае жыццё стала менш інтэнсіўным. Польская грамадская актыўнасць пачала падаць і не прыносіць значных вынікаў. І толькі невялікая частка інтэлігенцыі была ўключана ў польскі грамадскі рух. А рэшта мясцовых палякаў паводзіла сябе пасіўна, тлумачачы гэта рознымі акалічнасцямі.

Пра заняпад польскага грамадска-культурнага жыцця пасля ад’езду палякаў з Польшчы на бацькаўшчыну сведчыць даклад інструктара арганізацыі Straż Kresowa з Бабруйска за 1919 год, у якім гаворыцца пра тое, што даводзілася змагацца з абыякавасцю мясцовых палякаў да грамадскага жыцця, што мясцовым палякам не хапала арганізацыйнага вопыту і ініцыятывы, а польскае насельніцтва жыло ў адрыве ад польскага грамадскага жыцця.

Бежанства стымулявала развіццё нацыянальнай свядомасці і прывяло да ажыўлення польскай грамадскай дзейнасці на ўсходніх ускраінах былой Рэчы Паспалітай. Культурныя і палітычныя ініцыятывы, якія падтрымлівалі бежанцы з Польшчы, узмацнялі польскую ідэнтычнасць, прыводзячы да змены сацыяльнай стуктуры грамадства.

У сувязі з тым, што бежанцы ўздзейнічалі на мясцовае польскае грамадства падчас вельмі кароткага перыяду часу, у цяжкіх умовах штодзённага жыцця, перамены, пра якія тут гаворыцца, не ахапілі значных колаў палякаў (у Беларусі. — Рэд.) і не прывялі да істотных змен у іх паводзінах у грамадстве.

Больш падрабязна з даследаваннем Дарыюша Тарасюка можна азнаёміцца ў выданні „Polacy na Białorusi od Powstania Styczniowego do XXI wieku. Tom V. Traktat ryski i jego konsekwencje dla Polaków i Białorusinów” (Варшава, 2021).

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

У 1920 г. Пілсудскі хацеў стварыць «трэцюю Беларусь»

20.01.2022 10:02
У 1920 г. Станіслаў Булак-Балаховіч з дапамогай Юзафа Пілсудскага абвясціў у Мазыры яшчэ адну БНР, але яму не хапіла рэсурсаў, каб замацаваць сваю ўладу.