Беларуская Служба

Мінаюць 105 гадоў ад Фацімскіх аб’яўленняў і 41 год ад замаху на Яна Паўла ІІ

13.05.2022 11:13
У 1930 годзе Касцёл пацвердзіў сапраўднасць фацімскіх аб’яўленняў.
Аўдыё
  • Мінаюць 105 гадоў ад Фацімскіх аб’яўленняў і 41 год ад замаху на Яна Паўла ІІ
Фігурка Маці Божай Фацімскай падчас працэсіі ў ФацімеPAP/EPA/PAULO CUNHA

У пятніцу, 13 траўня, мінула 105 гадоў ад Фацімскіх аб’яўленняў. З 13 траўня па 13 кастрычніка 1917 году Маці Божая аб’явілася тром пастухам у Фаціме ў Партугаліі. Усяго Маці Божая прыйшла да дзяцей шэсць разоў. У 1930 годзе Касцёл пацвердзіў сапраўднасць фацімскіх аб’яўленняў.

Праз дзяцей Марыя заклікала людзей да малітвы на ружанцы, навяртання і пакаяння, нагадвае ксёндз Марцін Собех:

-Гэта важнае свята, паколькі яно нам нагадвае пра тое, што здарылася ў 1917 годзе, калі Марыя аб'явілася і прасіла маліцца, у першую чаргу за мір, і навяртацца. І гэта сутнасць абʼяўленняў Марыі ў Фаціме. Калі яны пачаліся, ішла Першая сусветная вайна, народы паўсталі адзін супраць аднога. Маці Божая кажа: Калі народы навернуцца і звернуцца да Бога, вайна закончыцца.

Маці Божая дае канкрэтны заклік у 1917 годзе, дадае святар:

-Сёння гэты заклік асаблівым чынам зʼяўляецца актуальным, бо за нашымі межамі ідзе вайна Расіі і Украіны. Калі мы навернемся, закончыцца вайна ва Украіне. Дзень 13 траўня і фацімскія абʼяўленні нагадваюць, што кожнаму з нас патрэбнае навяртанне да Бога і перамены ў сэрцы.

Ксёндз Марцін Собех падкрэслівае, што калі людзі клапоцяцца пра мір у свеце, то прымуць просьбу Марыі з фацімскіх аб’яўленняў:

-Варта пачуць словы Маці Божай з Фацімы. У ліпені яна просіць аддаць беззаганнаму сэрцу Расію, молячыся ў першыя суботы месяца. Гэта вельмі важна. Калі мы адкажам на просьбу Марыі, то будзем у стане закончыць вайну. Думаю, калі гэта нам трэба, то мы ў стане прыняць яе просьбу.

З 13 траўня па 13 кастрычніка 1917 году ў Фаціме Марыя з’явілася 10-гадовай Луцыі і яе брату і сёстры – 7-гадовай Хасінце і 9-гадоваму Францішку. Марыя перадала дзецям тры фацімскія таямніцы. Першая абвясціла аб ранняй смерці Хасінты і Францішка. Другая – пра пачатак Другой сусветнай вайны, калі людзі не навернуцца. Яна таксама тычылася навяртання Расіі і падзення камунізму. У трэцяй гаварылася пра пакутніцтва Касцёла і Папы. Імі праз гады стала пакушэнне на жыццё Яна Паўла ІІ 13 мая 1981 года.

Хасінта і Францішак памерлі неўзабаве пасля абʼяўленняў – у 1920 і 1919 гадах. Яны былі бэатыфікаваныя Янам Паўлам ІІ 13 мая 2000 году, а праз 17 гадоў, падчас пілігрымкі ў Фаціму, кананізаваны папам Францішкам. Луцыя стала манашкай. Яна памерла 13 лютага 2005 года.

У дзень пачатку фацімскіх абʼяўленняў, 13 траўня 1981 году, споўнілася адна з яе таямніц, якая тычылася пакут Папы рымскага. Падчас агульнай аўдыенцыі на пляцы св. Пятра ў Рыме ў 17:19 турэцкі найміт Мехмет Алі Агджа тройчы стрэліў у Святога Айца, які вітаў пілігрымаў у адкрытым папамабілі. У гэты момант Папа нагнуўся, каб узяць на рукі маленькую дзяўчынку. Яму стрэлілі ў руку і жывот. Цяжка параненага папу неадкладна даставілі ў клініку Джэмэлі. У выніку некалькі гадзіннай аперацыі лекарам удалося выратаваць жыццё Яна Паўла ІІ.

Пасля навіны аб нападзе большасць радыё- і тэлеканалаў свету спынілі праграму і паведамілі пра стан здароўя папы. Людзі стыхійна збіраліся на малітву ў касцёлах і на плошчах. Шок, абурэнне, шкадаванне – такімі былі рэакцыі людзей, якія, незалежна ад сваіх поглядаў, выказвалі салідарнасць з папам. Праз тры тыдні Ян Павел ІІ вярнуўся ў Ватыкан, але выздараўленне заняло значна больш часу.

Ян Павел ІІ звязваў сваё выратаванне з заступніцтвам Маці Божай Фацімскай, таму што стрэлы былі зроблены ў гадавіну Фацімскіх аб’яўленняў, 13 траўня. Праз некалькі тыдняў пасля нападу Папа публічна абвясціў, што Маці Божая змяніла ход выпушчаных у яго куль. Праз год, 13 траўня 1982 году, ён паехаў у Фаціму з падзякай за выратаванне яму жыцця.

Папа прабачыў Мехмету Алі Агджу яшчэ ў машыне хуткай дапамогі.
Мехмет Алі Агджа быў асуджаны італьянскім судом да пажыццёвага зняволення ў ліпені 1981 года. Памілаваны праз 19 гадоў, ён быў адпраўлены ў турэцкую турму за іншыя злачынствы. Яго вызвалілі ў 2010 годзе.

Кулісы замаху на папу і матывы Агджы да канца не растлумачаны, адна з версій гаварыла пра змову камуністычных службаў.

ав

Больш на гэтую тэму: Багацце веры