У мінулыя выходныя гледачы песеннага конкурсу Еўрабачанне перажывалі вялізныя эмоцыі. Не пабаюся сказаць, што ніколі яшчэ ў гісторыі гэтага конкурсу не было такіх эмоцыяў, бо і ніколі ў Еўропе пасля Другой сусветнай вайны не было такога маштабнага і жорсткага ваеннага канфлікту, які ідзе цяпер ва Украіне. Эмоцыі, спачуванне і страх, звязаныя з вайной, перадаліся гледачам конкурсных спаборніцтваў і маглі паўплываць на іх выбар. Аднак, трэба сказаць, што кампазіцыя ўкраінскага калектыву Kalush Orchestra цалкам па заслугах атрымала перамогу, яна выдатна дэманструе сучасны культурны твар Украіны, спалучэнне традыцыі і сучаснасці.
А ў гэтай рубрыцы я распавядаю пра польскія песні, таму хачу прадставіць вашай увазе прадстаўніка Польшчы на Еўрабачанні. Праўда, песня гучала на ангельскай мове, таму прыйшлося знайсці іншую кампазіцыю ў выкананні Крысціяна Охмана, які прадстаўляў Польшчу на конкурсе.
Крыху звестак з біяграфіі Охмана. Нарадзіўся 19 ліпеня 1999 года ў ЗША ў стане Масачусетс, паколькі ягоныя бацькі з’ехалі з Польшчы яшчэ ў часы Польскай Народнай Рэспублікі. У сям’і Крысціяна багатыя музычныя традыцыі, яго бацька граў у калектыве «Ружы Еўропы», а дзядуля – оперны спявак. Дарэчы, дзядуля памагаў унуку падрыхтавацца да Еўрабачання. Тым не менш, у дзяцінстве Крысціян больш цікавіўся спортам, чым музыкай, хацеў быць футбалістам, але бацькі пераканалі яго пачаць вучыцца граць на піяніна і трубе. Ва ўзросце 18 гадоў Охман вярнуўся ў Польшчу і паступіў у музычную акадэмію ў горадзе Катавіцэ, на факультэт класічнай вакальнай музыкі.
У 2020 годзе музыкант удзельнічаў у адборачным туры праграмы «Голас Польшчы», прайшоў усе этапы конкурсу і выйшаў у фінал, у якім перамог, а пасля гэтага выдаў свой першы аўтарскі сінгл «Światłocień». І песню пад такім жа загалоўкам я прапаную вашай увазе.
Od czego mam zacząć? W nocy już nie mogę spać Ludzie się tłumaczą Już nawet nie ogarniam strat Stawiam do tyłu krok, niebo spowija mrok Nie wiem, nie chcę wyjść stąd, wyjść stąd Lubię, kiedy nad nami panuje ciemność Dobre myśli wywiało dawno na zewnątrz
Ból wymieszany z pasją Dlaczego nie pociąga świat? Chciałby mnie na własność Już nawet nie ogarniam strat...
З чаго я павінен пачаць? Ноччу я больш не магу спаць. Людзі апраўдваюцца, я нават не разумею страт, я раблю крок назад, неба ахутвае змрок, я не ведаю, я не хачу выходзіць адсюль, я не хачу сысці адсюль. Мне падабаецца, калі над намі цемра. Добрыя думкі даўно выдзьмула навонкі. Без святла не будзе нас
Боль уперамешку з запалам. Чаму ён не вабіць свет? Ён хацеў бы завалодаць мною. Я нават не разумею стратаў...
Кароткая песня, няшмат у ёй тэксту, але яна з’яўляецца добрай ілюстрацыяй таго настрою, які пануе цяпер у галовах многіх людзей, асабліва ў Цэнтральна – Усходняй Еўропе – калі неба ахутана цемрай, а добрыя думкі выдзьмуў вецер страху і жаху. Застаецца надзея, што пасля ночы заўсёды наступае світанак, а пасля марознай зімы – цёплая і сонечная вясна.
А зараз час разгледзець гэтую кампазіцыю.
Od czego mam zacząć – з чаго я павінен пачаць. Вельмі папулярная канструкцыя ў Польшчы – з дзеясловам мець. У дадзеным выпадку гэта перакладаецца на беларускую мову як павіннасць – ці я павінен, ці я павінна. Напрыклад: czy mam pójść do sklepu – ці я павінна пайсці ў краму або ці мне трэба пайсці ў краму?
Ludzie się tłumaczą – тут слова tłumaczyć się перакладаецца не як тлумачыць, а апраўдвацца, гэта значыць, таксама тлумачыць, але нешта ў сваю карысць. Прыклад: nie tłumacz się, nie warto – не апраўдвайся, не варта.
Nie ogarniam strat – дзеяслоў ogarniać – гэта выраз з моладзевага жаргону, прыклад гутарковай мовы. Маладыя людзі так часта кажуць, між іншым, калі гаворка ідзе пра нейкія складаныя тэмы са школьных прадметаў – па матэматыцы, фізіцы або хіміі – nic już nie ogarniam – я ўжо нічога не разумею. І нярэдка так моладзь думае пра сваіх бацькоў, калі гаворка ідзе пра новыя тэхналогіі – камп'ютары, смартфоны і таму падобнае. Мой сын так гаворыць, калі я не разбіраюся ў нейкай тэме, звязанай з тэхналогіяй – mamo, jak ty nie ogarniasz – мама, як ты не разумееш, не разбіраешся.
Stawiam do tyłu krok – я стаўлю крок назад. Звярніце ўвагу на таўталогію, якая даволі часта здараецца ў польскай мове – cofać się do tyłu – даслоўна гэта азначае адступаць назад. Так лепш не казаць.
Mieć na własność – на беларускую мову можна перакласці як «мець нешта, быць уласнікам чагосьці». Прыклад: jak ja chciałabym mieć na własność takie mieszkanie – як я хацела б мець такую кватэру (разумеецца – быць яе ўласнікам, а не толькі здымаць).
нг