Беларуская Служба

Першыя восем дзён лістапада ў католікаў - час асаблівай малітвы за памерлых

03.11.2022 15:20
Каталіцкі касцёл вучыць, што за памерлых можна атрымаць поўны адпуст за грахі памерлых.
Аўдыё
  • Першыя восем дзён лістапада – гэта ў католікаў час асаблівай малітвы за памерлых
.
. PAP/Darek Delmanowicz

1 лістапада яны адзначалі Дзень усіх святых, 2 лістапада – Дзень усіх памерлых. Каталіцкі касцёл вучыць, што за пабожнае наведванне могілак у перыяд 1-8 лістапада і адначасовую малітву за памерлых можна атрымаць поўны адпуст за грахі памерлых.

Ініцыятыва святкавання Дня ўсіх задушных у 998 годзе была заснавана св. Адылонам, абатам бенедыкцінскага кляштара ў Клюні. Гэтую практыку першапачаткова перанялі бенедыкцінскія манастыры, але неўзабаве іншыя ордэны і дыяцэзіі рушылі ўслед іх прыкладу. У XIII стагоддзі свята распаўсюдзілася на ўсю заходнюю царкву. У Польшчы традыцыя Задушнага дня пачала фарміравацца ў XII стагоддзі, а ў канцы XV стагоддзя яна была вядомая па ўсёй краіне.

Першыя восем дзён лістапада вернікі моляцца за тых, хто адышоў з гэтага свету і знаходзіцца цяпер у чыстцы. Існаванне чыстца з'яўляецца адным з догматаў веры. У гэтыя дні вернікі моляцца за ўсіх, хто яшчэ не ў небе, але чакае ўваходу ў яго, – кажа ксёндз Каміль Вышыньскі.
-Мы ўзгадваем усіх памерлых вернікаў, бо гэта за іх мы хочам маліцца. Каб людзі, якіх мы вельмі моцна любім, трапілі ў неба. Таму мы ідзем на могілкі, запальваем знічы, ставім кветкі. Чаму? Бо мы іх любім, хочам у будучыні з імі сустрэцца.

«Гэта перадусім час малітвы за памерлых, а таксама разважанне над нашым жыццём», – кажа ксёндз Сільвестр Грабоўскі:

-Калі мы стаім над магіламі нашых блізкіх памерлых, то згадваем пра іх, быццам бы яны жывыя. Мы памятаем пра іх, пра тое, што ў іх было добрае. Варта ў гэтыя дні нагадваць пра самае лепшае, што было ў нашых блізкіх. І гэта захоўваць у сваім сэрцы.

Прафесар Універсітэта кардынала Стэфана Вышынскага, ксёндз Вальдэмар Лінке падкрэслівае, што догляд за магіламі і запальванне знічоў з’яўляюцца знешнім выразам нашай памяці аб памерлых. «Самае важнае, аднак, тое, што мы можам зрабіць для іх духоўна», – падкрэслівае ён.

-Ці то асабістая малітва, ці малітва падчас літургіі, а найлепш і адно, і другое. Нашыя адносіны да блізкіх памерлых таксама вымагаюць сталага аднаўлення. Адзін з польскіх паэтаў напісаў: я хадзіў на магілу маці і пры нагодзе паліваў дрэўца, якое там расло. А цяпер я хаджу глядзець, як расце дрэва, а пры нагодзе наведваю магілу маці. Я думаю, што калі мы не будзем клапаціцца пра такі ўнутраны супраціў працэсам забыцця, у пэўнай ступені натуральным, то памерлыя будуць знікаць з нашай памяці.

Пробашч касцёла Усіх Святых у Варшаве ксёндз Пётр Валендзік сказаў Польскаму радыё, што кожны грэх патрабуе ачышчэння на зямлі ці пасля смерці, таму трэба маліцца за памерлых:

-Мы гаворым пра тых, хто адсюль адышоў у вечнасць. Яны збаўленыя, але ім яшчэ патрэбны час, каб адкупіць грахі. Гаворачы пра час, мы, канешне, думаем нашымі зямнымі катэгорыямі. Там ужо вечнасць, няма часу, але трэба ўзяць адказнасць за зробленае зло, паколькі гэтага вымагае справядлівасць.

Біскуп Юзэф Врубэль звяртае ўвагу, што пачатак лістапада – гэта асаблівы час малітвы за памерлых, але католікі маліцца за тых, хто сышоў з гэтага свету, круглы год.

-Гэта цудоўнае вымярэнне супольнасці ўсіх вернікаў касцёла тут на зямлі і касцёла, які ўжо жыве ў небе. Мы дапамагаем памерлым молячыся за іх, замаўляючы за іх святыя Імшы, робячы духоўную ахвяру, церпячы за тых, каму патрэбная гэтая духоўная падтрымка.

Каталіцкі касцёл вучыць, што з 1 да 8 лістапада можна атрымаць поўны адпуст за памерлых. Для гэтага вернік павінен выканаць некалькі ўмоваў: прыняць святую Камунію, не мець прывязанасці да граху, памаліцца ў інтэнцыі Святога Айца, наведаць у гэты дзень могілкі. Гэта азначае, што кожны дзень з 1 па 8 лістапада вернікі могуць дапамагчы васьмі чалавекам, якія пакутуюць у чыстцы.

ав

слухайце аўдыё


Больш на гэтую тэму: Багацце веры