Беларуская Служба

У Партугаліі адбываюцца Сусветныя дні моладзі

04.08.2023 16:18
Маладыя ўдзельнікі Сусветных дзён моладзі з найбольшай нецярплівасцю чакалі словаў Францішка. У Партугалію пантыфік прыбыў у чацвер.
Францішак на Сусветных днях моладзіPAP/EPA/ANTONIO PEDRO SANTOS / POOL

Сусветныя дні моладзі, заснаваныя ў 1985 годзе папам Янам Паўлам ІІ, у Партугаліі арганізуюцца ўпершыню. Галоўныя падзеі сёлетняга мерапрыемства адбываюцца ў трох дыяцэзіях: Лісабоне, Сетубале і Сантарэме. У суботу Папа наведае Фаціму, дзе ўзначаліць малітву за мір ва Украіне. Апошнім днём візіту з’яўляецца нядзеля.

-Касцёл з’яўляецца сінадальным, гэта камунія, гэта ўзаемадапамога, гэта супольнае падарожжа. У лодцы павінна быць месца для ўсіх, – гаварыў Папа моладзі. -Дарагая моладзь, падчас гэтых Сусветных дзён моладзі давайце дапаможам адзін аднаму распазнаць гэтую істотную рэчаіснасць: няхай гэтыя дні будуць жывым рэхам Божага закліку да любові, таму што мы каштоўныя ў вачах Бога, незалежна ад таго, што часам бачаць нашы вочы, азмрочаныя негатывам і аслепленыя мноствам адцягваючых фактараў.

Францішак звярнуў увагу на тое, што неабходна памятаць аб «адпраўной кропцы»: мы ўсе пакліканы Богам, пакліканы таму, што нас любяць.

-Гэта ўсё, што я хацеў вам сказаць: не бойцеся, майце мужнасць, ідзіце наперад, ведаючы, што мы «застрахаваны» любоўю Бога да нас. Бог нас любіць. Давайце ўсе разам скажам: Бог нас любіць, – гаварыў Папа Францішак.

Падчас сустрэчы з прадстаўнікамі Касцёла Партугаліі Папа Францішак казаў пра «расчараванне і гнеў, якія некаторыя адчуваюць да Касцёла». Ён патлумачыў, што гэта адбываецца «часам з-за нашага дрэннага сведчання і скандалаў, якія знявечылі аблічча Касцёла і якія патрабуюць пакорнага і пастаяннага ачышчэння, пачынаючы з крыку пакуты ахвяраў, які заўсёды трэба вітаць і чуць». Францішак прыняў ахвяр здзекаў з боку партугальскага духавенства, размаўляючы з імі больш за гадзіну, слухаючы іх гісторыі.

Дэвіз сёлетняй сустрэчы ў Лісабоне гучыць так: «Марыя ўстала і паспешліва пайшла». Гэта ўрывак з Евангелля ад святога Лукі.

Упершыню СДМ прайшлі ў 1986 годзе – у Рыме іх наведалі 300 тысяч чалавек. Ян Павел ІІ, які быў ініцыятарам гэтых сустрэч, тлумачыў, што СДМ азначае «выйсці насустрач Богу, які ўвайшоў у гісторыю чалавека праз пасхальную таямніцу Езуса Хрыста». Кожныя два-тры гады на сусветным узроўні адбываюцца святкаванні СДМ на адным з кантынентаў з удзелам папы.

Кожны СДМ мае свой лозунг, змест якога Папа абмяркоўвае ў загадзя апублікаваным пасланні. Гэты лозунг узяты са Святога Пісання, часцей за ўсё з Евангелля. Ад пачатку кожная з гэтых сустрэч таксама мае свой гімн, тэкст якога перакладзены на розныя мовы.

ав


Больш на гэтую тэму: Багацце веры