На Першым кангрэсе беларускай культуры прысутнічаў былы амбасадар Польшчы ў Беларусі, а цяпер упаўнаважаны прадстаўнік Міністра замежных спраў Польшчы па супрацоўніцтве з дэмакратычнымі беларускімі сіламі Артур Міхальскі.
- Беларусы ў эміграцыі ствараюць новыя ідэі для новай Беларусі, яны праяўляюць імкненне беларускага народу. Нам трэба ставіцца да беларускай эміграцыі як да суб'екта і таму была створана пасада прадстаўніка Міністра замежных справаў Польшчы па супрацоўніцтве з дэмакратычнымі беларускімі коламі. Мы іх лічым сурʼёзным партнёрам у палітычным дыялогу. Выклікаў перад намі шмат і будзе яшчэ больш, улічыўшы дзеянні рэжыму Лукашэнкі. Польшча стараецца быць гасцінным домам, але ў абліччы апошняга дэкрэту (аб магчымасці падаць на новы пашпарт толькі ў Беларусі- рэд.) працы будзе яшчэ больш і гэта патрабуе каардынацыі дзеянняў шматлікіх установаў у Польшчы, каб даносіць аб праблемах і старацца, па меры магчымасці, дапамагаць беларусам.
Польшча падтрымлівае беларускую дэмакратычную апазіцыю ўжо больш за 25 гадоў, Артур Міхальскі, кажа, што надзея і вера на перамогу не зніклі.
- Гэта самі беларусы павінны быць аўтарамі тых змен, і я глыбока веру, што гэта адбудзецца, беларусы мусяць быць гаспадарамі на ўласнай зямлі. Я веру, што мара аб свабоднай незалежнай беларускай дзяржаве зʼяўляецца рэальнай, гэта не мроя. Пытанне часу і рашучасці беларусаў, у тым ліку тых, хто ў эміграцыі. Я згадваю польскі досвед эміграцыі, польскія эмігранты таксама натхнялі людзей, якія засталіся ў краіне, праз думкі, творы мастацтва і праз адстойванне нацыянальнай справы ў вольным свеце, чым цяпер таксама займаюцца беларусы ў эміграцыі.
Удзельніца кангрэсу Ганна Чыстасердава, беларуская арт-менеджэрка, сузаснавальніца і арт-дырэктарка Амбасады Культуры і галерэі сучаснага мастацтва «Ў» вельмі чакае, што ўдасцца знайсці шляхі і пабудаваць устойлівую камунікацыю, нягледзячы на геаграфічную і ідэалагічную разʼяднанасць, нават у полі незалежнай беларускай культуры. Таксама менеджэрка звяртае ўвагу на тры праблемы беларускіх культурных колаў. Гэта патрэба ў большым прызнанні сучаснага мастацтва, патрэба большай інтэграванасці з мастацтвам дадзенай краіны і самаадукацыя артыстаў.
Зміцер Чарткоў, каардынатар ініцыятывы Razam Kunst аб’яднання беларусаў Нямеччыны «Razam» e.V., рэжысёр, расказаў, што значыць быць мастаком у Берліне: Мы там кропелька ў моры мастакоў. Там трэба даказваць сваё месца ў мастацкім асяроддзі.
Слухайце гукавыя файлы