Фестываль кіно паўночных і балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне» – штогадовы фестываль, які прапануе беларускім гледачам найноўшыя ігравыя і дакументальныя фільмы Паўночнай Еўропы, краін Балтыі і Беларусі. Фестываль заснаваны прадзюсаркай і фільммэйкеркай Воляй Чайкоўскай пры падтрымцы офіса Рады міністраў паўночнаеўрапейскіх краін у Літве. Упершыню кінафэст прайшоў у 2015 годзе.
З 2020 года «Паўночнае ззянне» паказвае таксама найноўшыя незалежныя беларускія фільмы ў адмысловай конкурснай праграме, такім чынам падтрымліваючы развіццё беларускай кінаіндустрыі і даючы голас беларускім аўтарам. Беларускі конкурс ацэньвае міжнароднае журы.
Сёлета Беларускі конкурс «Паўночнага ззяння» сабраў рознае, але па-сапраўднаму шчырае кіно, чытаем на сайце фестывалю. Фільмы расказваюць пра перажытае і асэнсаванае, пра разнастайныя бакі жыцця, у якіх драмы стагоддзя і мастацкая выдумка сведчаць пра цяжкі, абсурдны і парадаксальны час, які патрабуе ад кожнага адвагі і пачуцця годнасці. Такі сумленны погляд у беларускім кіно заўсёды быў у дэфіцыце, але сёння гэта становіцца галоўнай адметнай рысай нацыянальнай кінематаграфіі, якая існуе насуперак ідэалагічным дыктатам і законам кінабізнесу, пішуць арганізатары.
ав