У пошуках страчанай Беларусі
Мастак з Беларусі жыве ў Польшчы больш 30 год. За гэты час яго творчасць з беларускімі матывамі знікла, з’явіўся новы цікавы занятак, іншы сэнс набыло жыццё, а месца Беларусі ў ім амаль не засталося.
Шлях да мастацтва быў натуральным
Уладзя – мастак. Нарадзіўся і вырас у Беларусі, па нацыянальнасці паляк, але беларускай мовай валодае, як роднай. Адукацыю атрымаў у Польшчы. Скончыў мастацкую акадэмію ў Познані, жыве і працуе тут ужо на працягу 30 год.
Згадвае, што побач з творчасцю адчуваў сябе з дзяцінства - яго тата мастак па металу, займаўся чаканкай.
- Я яшчэ нават не нарадзіўся, а ў бацькі ўжо былі планы, што буду мастаком. Яно неяк натуральна прыйшло. Я сутыкаўся з гэтым з самых малых гадоў і таму гэта быў натуральны шлях для мяне – прыйсці ў мастацтва. Аб нічым іншым занадта і не марыў ніколі. Шчыра кажучы, ніколі і не пашкадаваў аб тым, які шлях абраў.
Жывапіс Уладзіслава.
Пакуль вучыўся, Беларусь змянілася
Суразмоўца згадвае, што ў Польшчу паехаў вучыцца ў 92-м годзе. Падчас вучобы думаў вярнуцца, маўляў, у Беларусі тады былі цікавыя часы: усталёўвалася дэмакратыя, з’явіліся парасткі свабоды. Кажа, што ў яго захавалася шмат асобнікаў часопісу “Крыніца” і цяпер, чытаючы іх, здаецца, што гэта тэксты не з мінулага, а з будучага Беларусі.
- З 94-года пачаў адчуваць, нягледзячы на маладыя гады, змены, якія тады адбываліся – гэта ўжо была не тая Беларусь, з якой я з’ехаў. І калі скончыў вучобу ў 1998 годзе, то ўжо добра разумеў, што гэта іншая краіна і, шчыра кажучы, не бачыў у ёй для сябе месца.
Праўда, так проста з Беларуссю развітацца не давялося. Калі пасля сканчэння акадэміі прыехаў да бацькоў у адведкі, адразу ж з’явіліся міліцыянты ў доме і адвезлі яго ў ваенкамат. На Уладзю гэта зрабіла незабыўнае ўражанне.
- Калі дахаты прыязджае міліцыя і, як крымінальніка, вязуць падпісваць позву – такое не можа быць у нармальным войску і ў нармальнай краіне. Тым больш, што і вайны ніякай не было. Па-другое, мне заўсёды не падабалася гэтая саўковая аўра з савецкім бардаком. Нават сам той факт, што прысяга была па-расейску – я не адчуваў сябе ў беларускім войску. Ніякай беларускасці там не было. І гэта войска адвучыла мяне любіць Беларусь цалкам.
Усе матывы ў творчасці былі звязаны з Беларуссю
У Польшчы Уладзя з галавой акунуўся ў мастацтва. Хоць і скончыў факультэт прыкладной графікі, але пачаў займацца жывапісам і скульптурай. Паводле яго, жанрава яго жывапіс набліжаны да рэалістычнага, часам з элементамі сюррэалізму.
- У Заходняй Еўропе з’явілася такая назва, як Магічнае мастацтва. Мастацтва з элементамі фэнтэзі, рэалізму, сюррэалізму – вельмі ілюстрацыйнае. Яно напэўна не абстрактнае ў сучасным разуменні.
Праца Уладзіслава
Дарэчы, згадваючы свой працоўны шлях у Польшчы, сурамоўца адзначае, што ён не быў цукровым, паколькі ўсё даводзілася пачынаць на пустым месцы: не было дзе жыць і спаў на падлозе ў хлопцаў у інтэрнаце, і легалізавацца давялося па-новаму. Але, як сам кажа, знайшоў майстэрню і пачаў працаваць, рабіць выставы. Маўляў, быў маладым і на многія рэчы не звяртаў увагі.
- Магчыма, гэта толькі маё ўражанне, але здаецца, што мастакам тады ўсё ж было лягчэй, чым цяпер – людзі больш цікавіліся мастацтвам. Нават тое мастацтва, якое я тады рабіў, на яго знаходзілася больш зацікаўленых. Людзі больш хадзілі на выставы, існавала больш галерэй. Ва ўсім гэтым адчуваўся нейкі рух, нейкае жыццё. Цяпер, мне здаецца, гэта ўсё крыху падсела. З аднаго боку было цяжка, а з іншага я быў у стане зрабіць выставу і адразу палову яе прадаць. Малады пачынаючы невядомы мастак мог так зрабіць. Сёння гэта амаль немагчыма.
Уладзя згадвае, што гэта быў вельмі інтэнсіўны час у яго творчасці. Прыкладна за сем год ён зрабіў больш дваццаці персанальных выставаў па ўсёй Польшчы. Цікава, што ў той час, як сам прызнаецца, уся яго творчасць была прасякнутай беларускімі матывамі.
- Тады ўсе матывы былі звязаны з Беларуссю. Гэта быў момант, калі я разумеў, што ўжо ніколі не вярнуся ў Беларусь, але засталося шмат сантыментаў і ўспамінаў звязаных з дзяцінствам. А я вырас у невялічкай маляўнічай вёсцы і ўражаннямі ад таго часу карыстаўся шмат гадоў у сваёй творчасці. Даволі доўга гэта адбывалася, але потым, цяжка сказаць чаму, скончылася.
Праца Уладзіслава
Крызіс і новы этап у жыцці
А потым, як у шмат каго з творчых людзей, наступіў пэўны крызіс. Пачалі дакучаць думкі – ці наагул ёсць нейкі сэнс рабіць тое, што робіш. Перастаў ладзіць выставы, бо згубіўся сэнс у іх.
- З узростам у чалавека з’яўляецца такі скептыцызм да ўсяго ў жыцці і губляецца тая наіўнасць, якая ёсць у маладых людзей. Сутыкаешся з рэчаіснасцю, калі трэба зарабляць грошы, выжываць, будаваць хату, з’яўляецца сям’я, дзеці і разумееш, што няма ўжо месца для мараў, якія не прыносяць прыбытку. І ўсе твае задумы разбіваюцца аб суровую сцяну рэчаіснасці.
Трохі задумаўшыся Уладзя дадае.
- Мая Беларусь – яна скончылася. І не толькі фізічна, як дзяржава, а таксама, як маё мастацтва. Усё што я мог пра яе сказаць – сказаў і болей нічога дадаць не магу. Новай Беларусі для сябе не знайшоў, а старая скончылася. Каб закрыць гэтую тэмы, выдаў кніжку з ілюстрацыямі, з маімі карцінамі і вершамі. З той пары тэма Беларусі ў мяне ў мастацтве не з’яўляецца.
Праца Уладзіслава
Як заўважае суразмоўца, творчасць на гэтым не спынілася, пачалі з’яўляцца іншыя тэмы: жыццё, смерць, каханне. А вось, што датычыць Беларусі, то сантыменты да яе з часам пачалі аддаляцца. Праўда, і жывапіс стаў, як хобі. Ён знайшоў сябе ў іншым творчым занятку: пачаў рабіць скульптуры ў лёдзе і ў пяску.
- Гэта мяне зацягнула так, што займаюся гэтым ужо 22 гады. У класічным разуменні, на мой погляд, гэта не сапраўднае мастацтва. Гэта ў чыстым выглядзе камерцыя. І па шчырасці гэта робіцца больш дзеля грошай, але прыемнасць у тым, што грошы зарабляюцца сваёй прафесіяй і тым, што табе сапраўды падабаецца. Калі ўвечары ідзеш спаць, то думка, што заўтра трэба на працу, для цябе прыемная.
Адносіны з Беларуссю нагадвалі амерыканскія горкі
Уладзя распавядае, што дзякуючы новаму занятку аб’ехаў практычна ўвесь свет і гэта такое дадатковае задавальненне ад працы. А да ўсяго, свет паўплываў на яго, як на асобу. Цікаўлюся ў яго – як успрымаў падзеі 20-году ў Беларусі?
Паводле суразмоўцы, за навінамі сачыў кожную гадзіну, не адыходзіў і ўначы. Была вера, што адбудуцца змены і на яго радзіме. Але, як заўважае, усё змянілася ў адзін момант. Не хапіла нейкага пераломнага моманту. А вось чаму яго не хапіла?...
- Шчыра кажучы, я ганарыўся, што я з Беларусі, што людзі пасля такога трымання за морду праз 30 год былі здольныя такое зрабіць. Але з іншага боку я не разумеў, калі два гады таму ў Гародні падчас канцэрту Газманава стаялі такія ж тысячы людзей, спявалі і махалі ліхтарыкамі. Мне было сорамна за беларусаў…
Суразмоўца дадае, што ганарыўся беларускімі эмігрантамі, якія прыехалі ў Польшчу пасля 20-га году, але сорамна стала за Беларусь, калі пачалася вайна…
- І вось усё маё жыццё гэта такія амерыканскія горкі ў дачыненні з Беларуссю. Таму я кажу, што для мяне Беларусь – гэта гісторыя страчаных мрояў. Я веру ў нейкую іншую Беларусь і заўсёды думаю, што вось яшчэ крыху і яно будзе. Але на сённяшні дзень я страціў гэтыя мроі цалкам. Я не веру ні ў Беларусь, ні ў тое, што там будуць змены. Мне відаць, не дачакацца гэтага. Магчыма, мая дачка пабачыць іншую Беларусь.
Павел ЗАЛЕСКІ