Беларуская Служба

Падляшскі музычны праект Sw@da i Niczos стаў адкрыццём года для многіх слухачоў

14.01.2025 06:30
Рост папулярнасці музыкаў назіраўся летась не толькі ў Польшчы, але і ў Бразіліі.
Аўдыё
    .
Ніка Юрчук і Віктар Шчыгел. Фота: Зміцер Косцін

Канцэрты з удзелам тысяч гледачоў, новы альбом, а таксама рост папулярнасці не толькі ў Польшчы, але і ў Бразіліі — такім быў мінулы год для падляшскага музычнага праекту Sw@da i Niczos.

Польска-калумбійскі дыджэй Віктар Шчыгел (Sw@da) шмат гадоў спалучае музыку Падляшша з рытмамі Лацінскай Амерыкі, а Ніка Юрчук (Niczos) пачынала з аўтэнтычнага спеву ў бельскім калектыве «Жэмэрва», а цяпер грае і спявае ў групе «Гайда Банда». Музыкі не спадзяваліся, што іх стыль Podlasie bounce у 2024 годзе прынясе ім такі поспех.

Ніка Юрчук (NICZOS): Мы пачалі (2024 год – рэд.) вельмі нечакана і хутка, бо першы наш канцэрт прайшоў 13 студзеня і гэта быў вялікі канцэрт для тысячы беларусаў. Пасля мы правялі першы сольны канцэрт, да якога падрыхтавалі шмат музыкі. Быў гэта вельмі інтэнсіўны год. І кліпы былі, і шмат канцэртаў. Усё так раскруцілася, што мы цяпер не можам жыць без гэтай музыкі. 

Віктар Шчыгел (Sw@da): Мы размаўлялі пра тое, што можа зробім канцэртную трасу па Гайнаўцы, Бельску Падляшскім, а можа заедзем у Саколку, як будзе добра. Мы пра гэты праект думалі ў лакальных катэгорыях. А тут аказалася, што па-свойму можна спяваць ва ўсёй Польшчы. Прыемныя людзі запрасілі нас на разнастайныя фестывалі - і ў гарах на поўдні Польшчы, і над морам на поўначы. І паўсюль было вельмі файна. Мы нават ездзілі спяваць за мяжу. Так гэта было нечакана, але цяпер мы плывём на гэтай хвалі.

З удзельнікамі падляшскага музычнага праекту Niczos i Sw@da размаўляў Зміцер Косцін. Поўную гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.