Генеральны дырэктар прадпрыемства „Дзяржаўныя лясы” Адам Канечны (Adam Konieczny) паведаміў, што праз два гады пасля трагічнага ўрагану, які абрынуўся на Польшчу, былі ўпарадкаваныя 94% пашкоджаных лясоў. Работы павінны быць завершаны сёлета.
„Чарговым крокам будзе насаджэнне новага лесу”, - сказаў Адам Канечны.
„Мы будзем садзіць новыя дрэвы, то бок арганізуем акцыю вырошчвання саджанцаў. Да 2023 году мы плануем пасадзіць дрэвы на ўсёй знішчанай ураганам плошчы. Пры нагодзе там, дзе гэта магчыма, мы хочам павялічыць долю ліставых лясоў”.
Дырэктар патлумачыў, што гаворка ідзе пра гатункі дрэў, якія больш устойлівыя да неспрыяльных умоў надвор'я.
Ураган, які абрынуўся на Ніжнюю Сілезію, Вялікапольшчу, Куявы, Памор’е і Вармію ў ноч з 11 на 12 жніўня 2017 года, знішчыў больш за 100 тысяч гектараў лясоў. Гэта плошча прыкладна ўдвая большая, чым плошча Варшавы. Найбуйнейшыя страты былі зафіксаваныя ў Куяўска-паморскім і Паморскім ваяводствах.
У выніку бураў загінулі дзве дзяўчынкі - удзельніцы гарцэрскага лагера ў Сушку (Suszek) на Памор'і, некалькі дзясяткаў чалавек атрымалі раненні.
аз