Беларуская Служба

Канцэрн Lotos рыхтуе расіянам чэк за брудную нафту

22.08.2019 09:47
У красавіку Польшча адмовілася прымаць расійскую нафту, бо яе забруджанне хларыдамі ў 20-30 разы перавышала нормы.
Amerykański dolarzdjęcie ilustracyjne
Amerykański dolar/zdjęcie ilustracyjne pixabay

Польскі нафтаканцэрн з Гданьска панёс страты з-за бруднай расійскай нафты і будзе патрабаваць ад расійскага пастаўшчыка кампенсацыі. У кампаніі Lotos актуальна лічаць памер страт, чытаем на палосах выдання Gazeta Wyborcza.

Напрыканцы красавіка Міністэрства энергетыкі адмовілася прымаць расійскую нафту па нафтапровадзе «Дружба», таму што забруджанне сыравіны шкоднымі хларыдамі ў 20-30 разы перавышала нормы.

Нафта не паступала на працягу сямі тыдняў, а поўныя аб’ёмы паставак былі ўзноўленыя толькі ў мінулым месяцы.

У выніку, паводле словаў старшыні нафтаканцэрну Матэвуша Бонцы (Mateusz Bonca), Lotos не атрымліваў кантрактнай нафты і мусіў купляць сыравіну на іншых рынках. Акрамя таго, урад дазволіў карыстацца стратэгічнымі запасамі, аднак цяпер іх трэба папоўніць, а нафта падаражала.

Да таго ж брудную нафту расіяне запампавалі ў польскі нафтаправод. У выніку канцэрн павінен плаціць за захоўванне сыравіны, пакуль яе не змяшаюць з чыстай нафтай такім чынам, каб хларыды не перавышалі нормы. А гэта можа працягвацца і паўгода.

Lotos павінен усе падлікі і патрабаванні абгрунтаваць дакладнымі лічбамі і дакументамі - гэта аснова атрымання кампенсацыі ад расійскага пастаўшчыка, адзначае кіраўніцтва польскага нафтаканцэрну.

яс

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі