Беларуская Служба

Да 2043 года ў Польшчы будзе працаваць шэсць рэактараў

19.11.2019 14:12
Польскія ўлады падкрэсліваюць, што развіццё атамнай энергетыкі звязанае з еўрапейскай кліматычнай палітыкай.
Аўдыё
  • Да 2043 года ў Польшчы будзе працаваць шэсць рэактараў.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo: slightly_different/pixabay.com/CC0 Public Domain

Упаўнаважаны польскага ўраду па пытаннях стратэгічнай энергетычнай інфраструктуры, паведаміў, што да 2043 года ў Польшчы будзе працаваць шэсць рэактараў. Пётр Наімскі (Piotr Naimski) растлумачыў, што яны будуць забясьпечваць каля 20% польскага попыту на энергію. Першы энергаблок у Польшчы будзе пабудаваны да 2033 года.

Палітык падкрэсліў, што развіццё атамнай энергетыкі звязанае з еўрапейскай кліматычнай палітыкай.

- Гэта неабходнае таму, што мы павінны паніжаць выкіды вуглякіслага газу. У атамных электрастанцыяў, падобным чынам як і ў ветравых, выкід нулявы. Таму мы павінны пашыраць згаданыя сектары, каб прытрымлівацца стандартаў кліматычнай палітыкі Еўрасаюза. Гэта дазволіць нам таксама цягам 20-25 гадоў карыстацца вугалем, як крыніцай энергіі.

Пётр Наімскі дадаў, што ядзерная энергетыка больш эфектыўная і танная, чым аднаўляльная.

- Апрача аднаўляльных крыніцаў энергіі, якія залежаць ад умоваў клімату – ветру, сонца, нам патрэбныя асноўныя, стабільныя крыніцы энергіі. Гаворка ідзе, між іншым, пра АЭС. Апрача таго, у даўжэйшай перспектыве, а гаворка ідзе пра 50-60 гадоў, аказваецца атамная энергія найбольш танная.

Пётр Наімскі патлумачыў, што ядзерная энергетыка - адзін з самых бяспечных спосабаў атрымання электраэнергіі. Ён дадаў, што праведзеныя даследаванні паказваюць, што большасць палякаў падтрымлівае развіццё ядзернай энергетыкі.

Пры будаўніцтве атамнай электрастанцыі ў Польшчы ўлічваюцца два магчымыя месцы - Лубятова-Капаліна (Lubiatowo-Kopalino) і Жарновец (Żarnowiec) - абодва на поўначы краіны.

Учора ў Варшаве прайшоў Польска-амерыканскі форум ядзернай прамысловасці. Навукоўцы і прадпрымальнікі абедзвюх краін размаўлялі аб магчымай амерыканскай падтрымцы ў будаўніцтве атамнай электрастанцыі ў Польшчы. Прадстаўнікі ўрада ЗША падкрэслілі, што іх кампаніі хочуць удзельнічаць у будаўніцтве атамнай электрастанцыі ў Польшчы.

аз

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі