З-за каронавіруса адмяняюцца буйныя міжнародныя мерапрыемствы, напр. Турыстычная ярмарка ў Берліне, Тэлекамунікацыйная ярмарка Mobile World Congress у Барселоне, Жэнеўскі аўтасалон. Канчатковае рашэнне адносна Гановерскай прамысловай выставы-ярмаркi у Нямеччыне, якая запланаваная на канец красавіка, яшчэ не прынятая. Таму Польшча рыхтуецца да ўдзелу ў гэтым прэстыжным мерапрыемстве і рыхтуе нацыянальны стэнд. Учора апоўначы закончыўся прыём заявак ад прадпрымальнікаў.
Адзначым, што Hanover Messe з’яўляецца буйнейшай прамысловай выстаўкай у Еўропе і адной з буйнейшых у свеце. Гэта нагода наладзіць кантакты з патэнцыйнымі партнёрамі, гэта таксама магчымасць прасоўвання сваёй маркі.
За падрыхтоўку Нацыянальнага стэнду ў Гановеры адказвае Польскае агенцтва інвестыцыяў і гандлю (скарочана на польскай мове PAIH). Адной з задач агенцтва з’яўляецца падтрымка выхаду польскіх прадпрыемстваў на замежныя рынкі. Агенцтва дапамагае ладзіць сустрэчы з замежнымі партнёрамі, арганізуе замежныя паездкі.
У якіх галінах вылучаюцца польскія прадпрыемствы – тлумачыць выконваючая абавязкі старшыні Польскага агенцтва інвестыцыяў і гандлю Гражына Цюжыньска:
- Калі казаць пра Еўропу, то гэта камп'ютарныя гульні, IT-паслугі, ICT, гэта таксама касметыка. Польская касметыка вельмі папулярная на Блізкім Усходзе і ў Азіі. У мінулым годзе нам удалося падпісаць многа экспартных кантрактаў. Польскае IT вядомае ў ЗША і ў Канадзе, але таксама стартапы і кампʼютарныя гульні з’яўляюцца важнай часткай нашай экспартнай падтрымкі. Летась нам удалося падпісаць шмат кантрактаў на венгерскім рынку. Адзін з кантрактаў ахоплівае спецыялізаваныя медыцынскія прылады. Польскі вытворца падпісаў кантракты з некалькімі венгерскімі бальніцамі. Таксама вельмі важным у сферы дзейнасці Польскага агенцтва інвестыцыяў і гандлю з’яўляецца аўтамабільны сектар.
У Польшчы існуюць прадпрыемствы, якія з’яўляюцца адзінымі ў свеце або Еўропе вытворцамі кампанентаў – адзначае Цюжыньска.
- Адно прадпрыемства з нашай дапамогай распачало экспарт на ўкраінскі рынак, на які вельмі складана прабіцца. А праз украінскі рынак адчыніліся дзверы ў іншыя краіны Усходняй Еўропы, што якраз для гэтага прадпрыемства было самым важным выклікам. І ў нас гэта атрымалася.
Польскае агенцтва інвестыцыяў і гандлю імкнецца таксама дапамагаць наладзіць супрацоўніцтва малых і маштабных польскіх прадпрыемстваў, каб такім чынам дапамагаць ім павялічваць экспартныя магчымасці.
яс
Слухайце, калі ласка, эфірны выпуск праграмы "Пульс польскай эканомікі"