Беларуская Служба

З-за каранавіруса Польшча скарачае грамадскі транспарт

17.03.2020 15:49
У краіне адмяняецца частка цягнікоў, іншыя маршруты будуць абрэзаныя.
Аўдыё
  • З-за каранавіруса Польшча скарачае грамадскі транспарт; ЕС выдзяляе сродкі на барацьбу з каранавірусам; Нацыянальны польскі банк рыхтуецца падтрымаць польскую эканоміку
zdjęcie ilustracyjne
zdjęcie ilustracyjne Grand Warszawski/Shutterstock

Урад Польшчы рэкамендуе як мага менш выкарыстоўваць грамадскі транспарт. Прэм'ер-міністр Матэвуш Маравецкі падкрэсліў, што гэта рэкамендацыя Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. Кіраўнік ураду патлумачыў, што такое абмежаванне з'яўляецца элементам барацьбы з распаўсюджваннем віруса.

- Няхай гэты тыдзень будзе тыднем нацыянальнага каранціну. Калі мы будзем менш перамяшчацца, то, магчыма, у нядзелю зможам вам перадаць добрыя навіны. У гэтым заключаецца барацьба супраць віруса: чым менш мы карыстаемся грамадскім транспартам, тым больш змяншаем магчымасць заражэння каранавірусам.

Міністр інфраструктуры Анджэй Адамчык паведаміў, што частата курсіравання цягнікоў будзе адаптаваная да паніжанага попыту на паездкі.

- Мы аналізуем і распрацоўваем план часовага скарачэння цягнікоў. Я хачу падкрэсліць, што не будуць адмененыя маршруты - яны застануцца, проста іх стане менш.

Таксама дзяржаўная чыгуначная пасажырская кампанія PKP Intercity просіць пасажыраў удакладняць час адпраўлення складаў. З-за падзення зацікаўлення паездкамі з-за каранавіруса найбуйнейшая польская чыгуначная кампанія часова адмяніла цягнікі і скараціла некаторыя маршруты. Не ўсе цягнікі адправяцца паводле раскладу, адзначыла Анна Закшэўска з прэс-службы PKP Intercity:

- На нашым сайце ў раздзеле «Навіны» знаходзіцца інфармацыя аб тым, курсіраванне якіх цягнікоў будзе часова прыпыненае. У большасці гэта хуткія пасажырскія склады. І так, з 17 сакавіка прыпененае курсіраванне  цягнікоў на трасе Варшава Усходняя - Кракаў, таксама з Гдыні ў Кракаў і Глівіцы.

Анна Закшэўска запэўніла, што хоць сетка злучэнняў будзе скарочаная, то магчымасць дабрацца да буйных польскіх гарадоў цягнікамі PKP Intercity застанецца.

Пасажыры, якія набылі квіткі на адмененыя цягнікі, могуць бясплатна абмяняць іх на іншы цягнік або вярнуць квіток, атрымаўшы назад увесць кошт білета.

PKP Intercity падкрэслівае, што лічба адмененых і абмежаваных маршрутаў можа змяняцца. 

Праграма «Пульс польскай эканомікі» ў далучаным файле

яс

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі