Беларуская Служба

Польшчы пагражае сур'ёзная засуха

17.04.2020 15:47
Ужо на пачатку вясны ёсць шмат сігналаў у прыродзе, што паўторыцца сітуацыя з мінулага году і можа наступіць засуха.
Аўдыё
  • Засуха можа азначаць сур’ёзныя пагрозы для польскай сельскай гаспадаркі.
.
.Tumisu/pixabay.com/CC0

Нізкі стан вады ў рэках, адсутнасць запасаў вады ў глебе. Ужо на пачатку вясны ёсць шмат сігналаў у прыродзе, што паўторыцца сітуацыя з мінулага году і можа наступіць засуха.

За намі цёплая зіма без снегу, пасля яе прыйшла вясна з моцнымі вятрамі, але без ападкаў. У глебе няма запасаў вады. Паўсюль падымаецца пыл. Пра праблему сведчыць таксама нізкі ўзровень вады амаль ва ўсіх рэках на тэрыторыі краіны. Эксперты адзначаюць, што запас глебавай вады настолькі нізкі, што праблема паявіцца напэўна.

Засуха можа азначаць сур’ёзныя пагрозы для польскай сельскай гаспадаркі. Міністр сельскай гаспадаркі і развіцця вёскі Ян Кшыштаф Арданоўскі паінфармаваў, што ў бліжэйшыя два тыдні 90 тысяч фермераў атрымаюць кампенсацыю за леташнюю засуху. На гэта прызначаныя дадатковыя 280 млн злотых (62 млн еўра). Агулам да заплаты застаецца мільярд злотых. Большыя фермерства атрымаюць частку сродкаў, на рэшту грошай ім трэба пачакаць па прычыне эпідэміі каранавірусу.

Міністр сельскай гаспадаркі Арданоўскі нагадаў, што згоду на выплату чарговага траншу дапамогі па прычыне засухі даў урад:

-Рада міністраў на маю заяву перасунула чарговыя 280 млн злотых для фермераў, гэтых меншых, якім, пэўна, гэтыя грошы больш патрэбныя, чым вялікім гаспадаркам. Яны таксама маюць выдаткі і свае патрэбы, але грошы, зарэзерваваныя ў бюджэце на падтрымку ў сувязі з засухай, часова павінна быць пераведзена на барацьбу з каранавірусам.

Міністр Арданоўскі паінфармаваў, што пра страты па прычыне леташняй засухі заявілі 340 тысяч фермераў. Фінансавай дапамогі чакае яшчэ 120 тысяч з іх. Міністэрства нагадвае, што Польшча, як адзіная краіна ў Еўропе, выдзяляе непасрэдную дапамогу ў сувязі з засухай.

Трывогу б’е Урадавы цэнтр бяспекі. Намеснік дырэктара Гжэгаж Свішч папярэджвае, што набліжаецца зацяжная засуха. У Твітэры ён падкрэсліў, што самая лагодная за апошнія 150 гадоў зіма і адсутнасць снегу «не дазволілі адбудаваць запасы вады пасля вельмі сухога 2019 году». У найбольш небяспечнай сітуацыя знаходзяцца Заходнепаморскае, Люблінскае, Вялікапольскае, Куяўска-Паморскае, Лодскае, Мазавецкае і паўночныя часткі Ніжнесілескага, Апольскага і Сілескага ваяводстваў.

Засуха стварае пагрозу не толькі для сельскай гаспадаркі. Прэс-сакратар галоўнага каменданта Дзяржаўнай пажарнай службы капітан Кшыштаф Баторскі гаворыць, што пажарная служба ва ўсёй Польшчы сур’ёзна ставіцца да праблемы:

-Праблема сапраўды можа быць сур’ёзнай, а часамі яе лічаць малаважнай. Узровень вады вельмі нізкі. Мы нават рыхтуемся да таго, каб у нашых цыстэрнах прывозіць ваду жыхарам. Таксама мы павінны быць падрыхтаваныя да таго, што ў лясах паявяцца пажары. Мы да гэтага рыхтуемся. Падсцілка ў лясах вельмі сухая. У лясах абавязвае высокі ўзровень пажарнай небяспекі.

Намеснік дырэктара Урадавага цэнтру бяспекі Гжэгаж Свішч папярэдзіў, што прадаўжэнне засухі нясе з сабой велізарныя праблемы. Між іншым, вады можа не хапіць для электраэнергетычнай прамысловасці, а нізкі ўзровень вады зробіць немагчымым рух транспартных баржаў. Праблемы з вадой могуць паявіцца ў індывідуальных гаспадарчых студнях, а таксама камунальных студнях. У канцы засуха ў выніку страт ураджаю прывядзе да росту цэн на прадукты харчавання.

ав

Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце