Беларуская Служба

Польскія ўлады ўвялі рашэнні для прыцягнення сезонных рабочых з Усходняй Еўропы

12.05.2020 10:12
Сезонныя рабочыя з Украіны й Беларусі змогуць праходзіць абавязковы каранцін па месцы працы ў Польшчы.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo: FotografieSDV/pixabay.com/CC0 Public Domain

Урадавая каманда па крызісным кіраванні адобрыла рашэнні, якія павінны паспрыяць працаўладкаванню сезонных рабочых з Усходняй Еўропы ў сельскай гаспадарцы. Сярод іншага, іншаземцы змогуць праходзіць абавязковы каранцін на працоўных месцах.

Міністр сельскай гаспадаркі Ян Кшыштаф Арданоўскі (Jan Krzysztof Ardanowski) паясніў, што гаворка ідзе ў асноўным пра іншаземцаў з-за ўсходняй мяжы, то бок украінцаў і беларусаў, якія прыязджаюць на сезонную працу ў сельскай гаспадарцы й перапрацоўчай галіне.

Міністр нагадаў, што ў перыяд пандэміі каранавіруса выклікам з'яўляецца збор ураджаю садавіны, паколькі ў фермерскіх гаспадарак не хапае рук для працы. Новыя рашэнні дазволяць сезонным рабочым праходзіць каранцін у гаспадарках, дзе яны будуць працаўладкаваныя.

Гэты каранцін будзе адбывацца ў месцах працы сезонных работнікаў. Ім будзе забаронена рабіць пакупкі ў мясцовых крамах, выходзіць на вуліцу і ўдзельнічаць у набажэнствах у касцёле. Аднак падчас гэткай ізаляцыі яны змогуць нармальна працаваць.

Ян Кшыштаф Арданоўскі адзначыў, што побыт сезонных рабочых у Польшчы будуць кантраляваць шматлікія службы і ўстановы.

Кіраўнік сельскагаспадарчага ведамства адзначыў, што, перш за ўсё, трэба клапаціцца пра здароўе польскага грамадства, каб не дапусціць да распаўсюджвання каранавіруса людзьмі, якія прыязджаюць з-за мяжы.

аз

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі