Беларуская Служба

Расце продаж твораў мастацтва i антыкварыяту ў Польшчы

26.05.2020 18:35
Кошт твораў мастацтва i антыкварыятаў, прададзеных у 2019 годзе ў Польшчы, склаў амаль 36 млн еўра.
.    .
Гадзіннік. Здымак мае ілюстрацыйны характар.Bru-nO/pixabay.com/CC0 Public Domain

Кошт твораў мастацтва i антыкварыяту, прададзеных у 2019 годзе ў Польшчы, склаў 162,5 млн злотых (амаль 36 млн еўра), то бок на амаль 22 працэнты  больш, чым у 2018 годзе. Пра гэта паведаміла Галоўнае статыстычнае ўпраўленне краіны.

Паводле дадзеных, найбольш распаўсюджаным прадметам здзелак былі карціны, продаж якіх склаў 68,5 працэнта ад агульнай колькасці прададзеных летась твораў мастацтва.  У тым ліку крыху больш за палову - 53,6 працэнта склаў продаж сучасных карцінаў, а 46,4 працэнта - продаж старых карцін, гэта значыць тых, якія ўзніклі да 1945 года.

У 2019 годзе найбольшая доля ў агульным кошце прададзенага мастацтва й прадметаў даўніны была атрыманая шляхам традыцыйных аўкцыёнаў. Кошт продажу на іх склаў амаль  75,5 млн злотых (больш за 16,5 млн еўра ).

Антыкварыяты за 64,1 млн злотых ( больш за 14 млн еўра) былі прададзеныя ў гандлёвых кропках. У сваю чаргу  праз Інтэрнэт  былі прададзеныя творы мастацтва за 16,8 млн злотых (больш за 3,5 млн еўра).

Паводле Галоўнага статыстычнага ўпраўлення, гэта рост на 20 працэнтаў у параўнанні з 2018 годам.

Больш за палову ўсіх твораў мастацтва, то бок  каля 55,2 працэнта прадалі ў Мазавецкім ваяводстве. Гаворка ідзе пра 89,8 млн злотых (амаль 20 млн еўра). Сума продажаў у наступных двух ваяводствах - Малапольскім і Паморскім - была прыблізна ў чатыры разы меншая й склала 25,9 млн злотых (больш за 5,5 млн еўра) і 22,7 млн злотых (больш за 5 млн еўра) адпаведна.

аз

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі