Беларуская Служба

Авіякампанія LOT запускае новыя ўнутраныя злучэнні

09.06.2020 15:50
Хутчэй за ўсё, да канца чэрвеня самалёты LOT не будуць лётаць за мяжу.
zdj. ilustracyjne
zdj. ilustracyjneGrand Warszawski / shutterstock

З 20 чэрвеня польская нацыянальная кампанія LOT адкрывае чарговыя ўнутраныя злучэнні. З пачатку чэрвеня працуюць восем авіяпартоў – Варшава, Кракаў, Гданьск, Жешаў, Уроцлаў, Познань, Зялёна-Гура і Шчэцін. Парты абслугоўваюць выключна палёты па тэрыторыі Польшчы.

Як заявіў прэс-сакратар польскай авіякампаніі LOT Міхал Чэрніцкі, з 20 чэрвеня будуць даступнымі новыя рэйсы.

- Адкрываецца рэйс з Жэшава ў Гданьск раз на тыдзень па суботах, а таксама з Кракава ў Ольштын, што на Мазурах, тры разы на тыдзень. Усе ранейшыя ўнутраныя паветраныя злучэнні таксама будуць ажыццяўляцца. Магчыма, што пасля 30 чэрвеня эпідэміялагічныя ўмовы будуць дазваляць уводзіць чарговы этап размарожвання рэйсаў.

Падчас падарожжа дзейнічаюць спецыяльныя санітарныя правілы: пасажыры самалёта размяшчаюцца па ўзору шахматнай дошкі. Перавозчык увёў дадатковыя працэдуры бяспекі. «Гэта, напрыклад, кантроль тэмпературы перад уваходам у аэрапорт», – кажа Міхал Чэрніцкі.

- Гэта спецыяльныя працэдуры чэргаў у аэрапорце. Справа ў тым, каб пасажыры, якія чакаюць рэйс, або падчас пасадкі, не збіраліся ў вялікія групы, каб захоўвалі дыстанцыю, каб у самалёце на працягу цэлага рэйсу закрывалі вусны і нос, бартавы персанал таксама ў масках і ў гумовых пальчатках. Акрамя гэтага, ва ўсіх самалётах усталяваныя дадатковыя фільтры HEPA.

Хутчэй за ўсё, да канца чэрвеня самалёты LOT не будуць лётаць за мяжу. Верагодна, што ў ліпені будуць адноўленыя замежныя сувязі.

яс

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі