80 працэнтаў кампаній у Польшчы чакае зніжэння фінансавых вынікаў у канцы года, а амаль 90 працэнтаў адзначае зніжэнне продажаў. Частка кампаній заяўляе пра ўтрыманне прагназаваных даходаў, а некаторыя (каля 20 адсоткаў) нават пра iх павелічэнне. Пра гэта сведчаць вынікі даследавання Французска-польскай гандлёва-прамысловай палаты і Міжнароднай гандлёва-прамысловай палаты.
Кампаніі чакаюць вяртання да перадпандэмічнай сітуацыі праз паўгода, а ў некаторых галінах – толькі ў будучым годзе.
Генеральны дырэктар Французска-польскай гандлёва-прамысловай палаты Моніка Кансто (Monika Constant) заявіла, што ў параўнанні з сакавіцкім апытаннем, большасць кампаній ужo ў стане прагназаваць зніжэнне даходаў і, такім чынам, прaдпрыняць адпаведныя меры.
-Падтрыманне фінансавай ліквіднасці - прыярытэт для многіх прадпрыемстваў. Таму яны зніжаюць выдаткi. Кампаніі прыпыняюць выдаткі, не звязаныя з іх асноўнай дзейнасцю. Больш за 50 працэнтаў кампаній ужо скарацілі выдаткі, а 40 працэнтаў плануюць гэта рабіць цягам бліжэйшых месяцаў. Згаданыя скарачэнні могуць складаць ад 50 да 100 адсоткаў.
Моніка Кансто падкрэсліла, што кампаніям у Польшчы ўдалося пазбегнуць маштабных звальненняў.
-Толькі 15 адсоткаў прадпрыемстваў былі вымушаныя скараціць колькасць работнікаў. Гаворка ідзе пра скарачэнні ў памеры 2-10 працэнтаў супрацоўнікаў. Скарачэнне заробкаў адбылося ў амаль 30 працэнтах кампаній. Прадпрыемствы спадзяюццa, што ў бліжэйшым часе далейшых скарачэнняў зарплатаў не будзе.
Амаль палова апытаных кампаній (48 адсоткаў) скарысталася падтрымкай у рамках урадавага Антыкрызіснага шчыта. 43 працэнты прадпрымальнікаў станоўча ацанілі гэткую дапамогу. 54 працэнты – адмоўна. Асноўныя заўвагі датычыліся складаных працэдур i незразумелых правілаў.
У апытанні ўдзельнічалі 189 прадпрыемстваў, якія дзейнічаюць у Польшчы, з якіх 26 адсоткаў складаюць польскія кампаніі, 16 адсоткаў – нямецкія, 14 адсоткаў – французскія, 7 адсоткаў – амерыканскія, 6 адсоткаў – швейцарскія, 5 адсоткаў – аўстрыйскія, і 26 адсоткаў з іншым капіталам.
аз