Беларуская Служба

Палова прадпрыемстваў у Польшчы мае фінансавы запас на тры месяцы

14.07.2020 16:26
Дырэктар Польскага эканамічнага інстытуту Пётр Арак кажа, што сітуацыя з прыбыткам і попытам польскіх прадпрыемстваў становіцца ўсё больш стабільнай.
Аўдыё

60 адсоткаў прадпрыемстваў у Польшчы мае фінансавы запас на тры месяцы – гэта дадзеныя Польскага фонду развіцця і Польскага эканамічнага інстытуту з пачатку ліпеня.

Дырэктар Польскага эканамічнага інстытуту Пётр Арак кажа, што сітуацыя з прыбыткам і попытам польскіх прадпрыемстваў становіцца ўсё больш стабільнай. 20% апытаных прадпрымальнікаў заявіла, што атрымала новыя заказы. На падобным узроўні знаходзіцца таксама рост продажу.

- Польская эканоміка стабілізуецца і падымаецца да ўзроўняў, якія былі ў сакавіку на пачатку пандэміі. Магчыма, што на працягу наступных месяцаў сітуацыя будзе стабілізавацца і будуць павялічвацца заробкі, будуць прымацца новыя работнікі. Прадпрымальнікі адзначаюць, што ў іх не адбыліся масавыя звальненні, што адлюстроўваецца макраэканамічнымі паказчыкамі, і беспрацоўе рэзка не ўзрасло.

Старшыня Польскага фонду развіцця Павал Борыс (Paweł Borys) адзначыў, што ў выніку «Антыкрызіснага шчыта» і «Фінансавага шчыта» эканоміка атрымала 100 мільярдаў злотых, то бок 5% ВУП. Гэтыя сродкі стабілізавалі фінансавую сітуацыю прадпрыемстваў і працоўны рынак.

38% апытаных супрацоўнікаў прадпрыемстваў адзначыла, што фінансавая сітуацыя іх працадаўцы не пагоршылася ў параўнанні з лютым, а 10% работнікаў назірае нават паляпшэнне сітуацыі.

яс

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі