Беларуская Служба

Цэны на кватэры ў Польшчы перасталі расці

28.07.2020 15:45
Самыя высокія цэны на кватэры былі зафіксаваныя ў чэрвені на першасным рынку ў Гданьску. 
Zdjęcie ilustracyjne.
Zdjęcie ilustracyjne.shutterstock

Цэны на кватэры ў Польшчы спынілі рост і застаюцца на ўзроўні траўня, – паведамляе bankier.pl.

Самыя высокія цэны на кватэры былі зафіксаваныя ў чэрвені на першасным рынку і то не ў Варшаве, а ў Гданьску – амаль 10 тыс. злотых (2272 еўра) за квадратны метр. Гэта сярэдні паказнік таго, колькі жадае атрымаць забудоўшчык. У той жа час у Варшаве цэны на новыя кватэры нязначна знізіліся, у сярэднім да 9 тыс.905 зл/м2 (2251 еўра). А фактычна ўжо з траўня назіраецца зніжэнне цэн на жыллё, – кажа Польскаму радыё эканамічны аналітык Гжэгаж Навацкі.

- Калі нехта планаваў у бліжэйшы час прадаць кватэру з вялікім прыбыткам, цяпер не самы лепшы час для гэтых аперацыяў. Значнага зніжэння кошту кватэраў таксама не трэба спадзявацца. На рынак нерухомасці аказвае ўплыў нестабільная сітуацыя на рынку працы, рост беспрацоўя, адток інвестараў. Але з іншага боку людзі шукаюць, куды можна ўкласці саве грошы. Працэнтныя стаўкі ў банках цяпер практычна на нулявым узроўні.

Цэны кватэр у Польшчы няспынна растуць ужо некалькі гадоў. У актуальнай эканамічнай сітуацыі яны стабілізуюцца на даволі высокім узроўні, напрыклад двухпакаёўка 54 м2 у добрым варшаўскім раёне Жалібож каштуе 755 тыс. злотых (171 тыс. еўра) – столькі, колькі на другасным рынку 170 метровы дом у 20 кіламетрах ад цэнтра Варшавы.

яс

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі