У бліжэйшыя гады польскі энергетычны сектар чакаюць сур’ёзныя змены, паведаміў намеснік міністра па справах клімату Ірэнэвуш Зыска (Ireneusz Zyska). Гэта азначае паступовы адыход ад вугалю ў энергетычнай галіне. „Польшча будзе рэалізоўваць кліматычную і энергетычную палітыку ЕС у адпаведнасці са сваёй уласнай праграмай і ўлічваючы канкурэнтаздольнасць асобных сектараў эканомікі”, - заявіў палітык. Ён дадаў, што праект энергетычнай палітыкі для горназдабыўной прамысловасці быў ужо прадстаўлены.
- Мы прапанавалі ўнесці змены ў праект энергетычнай палітыкі Польшчы да 2040 году. Мы прадставілі яго падчас апошняй сустрэчы з супрацоўнікамі горназдабыўной прамысловасці. Паводле нас, ён вызначае аптымальны кірунак зменаў. Калі гаворка ідзе пра тэндэнцыю да абмежавання ролі вугалю ў энергетычнай галіне, то я лічу, што гэта непазбежнае.
Намеснік міністра запэўніў, што дзякуючы сродкам з ЕС на рэфармаванне энергетычнага сектара карысці атрымае таксама Верхняя Сілезія.
- Цяпер распрацоўваецца новая праграма для Сілезіі. Яна будзе ўключаць сучасныя вырашэнні і эканамічныя праекты. Гэта, між іншым, завод па вытворчасці фотаэлектрычных модуляў, завод электрамабіляў, завод акумулятараў да гэтых аўтамабіляў, а таксама шэраг іншых эканамічных ініцыятываў, дзякуючы якім цягам некалькіх гадоў супрацоўнікі горнай прамысловасці атрымаюць альтэрнатыву ў працаўладкаванні.
Каментуючы магчымасць забастоўкі ў горназдабыўной прамысловасці, намеснік міністра па справах клімату падкрэсліў, што ўрад гатовы да дыялогу. У бліжэйшыя тыдні група па справах горназдабыўной галіны будзе праводзіць кансультацыі з прадстаўнікамі прафсаюзаў наконт трансфармацыі энергетычнага сектара ў Польшчы і яе наступстваў для горназдабыўной прамысловасці.
аз