На працягу бліжэйшых дзесяці гадоў Польшча можа павялічыць вытворчасць біяметану (сыравіны, атрыманай з біямасы з параметрамі прыроднага газу), да 4 мільярдаў кубаметраў у год. У выніку колькасць газу, атрыманага з уласных крыніц, павінна павялічыцца ўдвая. Польская нафтагазавая кампанія (PGNiG) хоча размяркоўваць біяметан і пастаўляць яго карыстальнікам пры дапамозе сваёй сеткі перадачы.
Дзеля рэалізацыі гэтай мэты спатрэбяцца выдаткі ў памеры 65-70 млрд злотых. Кошт будаўніцтва адной устаноўкі, якая вырабляе 4 мільёны кубаметраў сыравіны ў год ацэньваецца прыблізна ў 30 мільёнаў злотых, плюс выдаткі на дадатковую інфраструктуру. Гэта велізарныя сумы, таму сёння самае галоўнае - стварыць эфектыўны механізм падтрымкі інвестыцый у біяметан і яго вытворчасць.
У цяперашні час у Польшчы наагул біяметан не вырабляецца. Тым часам у ЕС працуе ўжо каля 700 установак, якія вырабляюць гэтую сыравіну.
Тэрмін уводу ў эксплуатацыю першага завода PGNiG па вытворчасці біяметану залежыць ад таго, калі будуць прыняты адпаведныя правілы. Аднак PGNiG хоча, каб вытворчасцю біяметану заняліся іншыя суб’екты, з якімі кампанія плануе супрацоўнічаць на аснове франшызы і доўгатэрміновых кантрактаў.
Калі PGNiG удасца атрымаць планаваныя аб'ёмы біяметану, то разам са здабычай газу з уласных крыніц, якая цяпер складае каля 4 мільярдаў кубаметраў, кампанія зможа забяспечыць прыблізна адну трэцюю ўнутранага попыту на „блакітнае паліва”. Паводле PGNiG, у 2030 годзе пры дапамозе сваіх газаправодаў каманія плануе размеркаваць агулам 25 мільярдаў кубаметраў сыравіны.
Апошнія дадзеныя паказваюць, што пасля трох кварталаў бягучага года PGNiG размеркавала больш за 8 мільярдаў кубаметраў газу, гэта значыць крыху менш, чым у мінулым годзе. У той час вытворчасць газу, а таксама вытворчасць электраэнергіі і цяпла таксама нязначна зменшыліся.
З іншага боку, канцэрн павялічыў імпарт і продаж газу, а таксама здабычу нафты. Кампанія атрымала з уласных крыніцаў на 8,3 працэнта больш нафты, чым пасля першых трох кварталаў 2019 года. Толькі ў трэцім квартале дынаміка была яшчэ большай і дасягнула 11,5%.
rp.pl/ аз