У лютым інфляцыя ў Польшчы запаволіла да 2,4 працэнта ў параўнанні з аналагічным перыядам 2020 года, паведаміла Галоўнае статыстычнае ўпраўленне. У студзені гэты паказчык складаў 2,6 працэнта.
Галоўнае статыстычнае ўпраўленне абнавіла кошык, паводле якога ў 2021 годзе вызначаецца індэкс спажывецкіх цэн. Між іншым, вырас кошт ежы і безалкагольных напояў, а таксама аплата за жыллё. У сваю чаргу зменшыўся кошт катэгорыяў: рэстараны і гасцініцы, а таксама транспарт.
Галоўны эканаміст Bank Pocztowy Моніка Куртэк(Monika Kurtek) сказала, што ўзровень інфляцыі за студзень і люты, гэта, верагодна, самыя нізкія паказчыкі ў гэтым годзе.
- У чарговыя месяцы будзе фіксавацца павышэнне інфляцыі. Гэта таксама вынікае са статыстыкі. Увядзенне лакдаўна вясной мінулага года прычынілася да паніжэння кошту некаторых тавараў. Пазней пачалі расці цэны паслугаў, асабліва ў тых галінах, у якіх абвастрэнні прычыніліся да росту коштаў.
Моніка Куртэк дадала, што ў цэлым у свеце растуць цэны на тавары і некаторыя паслугі.
- Для прыкладу, нафта. Цяпер ейныя цэны ўдвая вышэйшыя, чым у красавіку мінулага года. Гэта таксама паўплывае на рост інфляцыі. Растуць таксама цэны паслугаў.
Сярэднегадавая інфляцыя ў 2021 годзе складзе каля 3 працэнтаў, аднак шмат залежыць ад развіцца пандэміі.
аз