Беларуская Служба

Да гэтай пары падчас будаўніцтва канала праз Балтыйскую касу было здабыта 17 кг бурштыну

06.04.2021 14:02
Паводле ўладаў, да гэтай пары земляныя работы не закранулі ўзроўню радовішчаў карысных выкапняў.
БурштынPhoto:_Alicja_/pixabay.com/CC0 Public Domain

У сувязі з землянымі работамі, звязанымі з будаўніцтвам суднаходнага канала праз Балтыйскую касу, было здабыта каля 17 кілаграмаў бурштыну, паведаміла Міністэрства клімату і аховы навакольнага асяроддзя.

„У сувязі з работамі, якія вядуцца ў цяперашні час, звязанымі з будаўніцтвам воднага шляху, які злучыць Гданскі і Віслінскі залівы, было здабыта каля 17 кілаграмаў бурштыну, прызначэнне якога будзе вызначанае да канца першага этапу работ”, - чытаем у заяве міністэрства.

Ведамства нагадвае, што работы, якія праводзяцца ў раёне Віслінскай касы, не звязаныя з эксплуатацыяй радовішча бурштыну, але з ажыццяўленнем земляных работ.

„Інвестыцыя не датычыць здабычы радовішчаў карысных выкапняў, у тым ліку бурштыну і іх эканамічнага выкарыстання. Акрамя таго, падчас рэалізацыі праекта было прынята тэхналагічнае рашэнне, якое значна абмяжоўвае маштаб земляных работ, неабходных для яго выканання. Такім чынам, здабыча невялікай колькасці бурштыну адбылася пры нагодзе вышэйзгаданых земляных работ, якія не дасягаюць узроўню радовішча”, - паведаміла ведамства.

Нагадваем, першы этап будаўніцтва суднаходнага канала праз Балтыйскую касу пачаўся ў кастрычніку 2019 года. Паводле ўладаў, ён ідзе па графіку і чакаецца, што скончыцца ў сярэдзіне 2022 года.

Будаўніцтва суднаходнага канала праз Балтыйскую касу ставіць за мэту скарачэнне маршрута з Віслінскага заліву ў Балтыйскае мора на 100 кіламетраў.

Канал спросціць доступ да порта ў Эльблёнгу і адтуль да Балтыйскага мора. Праект прадугледжвае абыход Балтыйскага праліву, які знаходзіцца пад кантролем Расіі.

Канал будзе мець даўжыню 1,3 кіламетра і 5 метраў глыбіні. Кошт інвестыцыі ацэньваецца на 200 млн еўра. Улады ўжо раней паведамлялі, што магчымыя радовішчы бурштыну (1,4 тоны ), якія, паводле розных ацэнак знаходзяцца ў раёне, вызначаным для збудавання каналу, не кампенсуюць кошту інвестыцыі.

PAP/аз

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі