У выніку пандэміі на польскім рынку значна вырас попыт на жыллё. Аднак, сярод кліентаў памяняліся патрабаванні. Усё большая колькасць з іх звяртае ўвагу на экалогію ў будаўніцтве, а таксама блізасць зялёных тэрыторый.
Пандэмія паспрыяла таму, што ўсё больш кліентаў пачало звяртаць увагу на экалагічныя трэнды ў будаўніцтве дамоў. Мікрараёны, якія былі спальнымі, сталі мікрараёнамі, у якіх мы не толькі начуем, але і працуем, праводзім амаль цэлыя суткі – гаворыць Івона Срока, чалец праўлення кампаніі «Murapol».
-Перавагі палякаў памяняліся і ў выпадку пакупкі кватэр, і арэнды. Шмат увагі звяртаецца на такія моманты як прастора вакол дамоў, зялёныя тэрыторыі, будматэрыялы, з якіх зроблены будынак. Вялікае значэнне пачала мець лакалізацыя – будынкі бліжэй прыроды. У анкетах, якія мы рассылаем сваім кліентам, такія пункты як лакалізацыя, блізкасць грамадскага транспарту і школаў спалі на другое месца. Напэўна год прыбывання дома прымусіў нас задумацца.
Івона Срока кажа, што іх фірма, як адзіная на рынку, інсталюе ў сваіх будынках антысмогавыя фільтры. Яшчэ некалькі гадоў таму гэта была цікавінка, а цяпер падыход кліентаў памяняўся.
-Кліенты сапраўды звяртаюць на гэта ўвагу. Зімой, калі пачынаецца абагравальны сезон, а за акном ненайлепшае паветра, мы можам дзякуючы фільтрам і нанавалокнам, якія выкарыстаныя, дыхаць у кватэры свежым паветрам, не закрываючы вокны. Таксама расце зацікаўленне гэтак званымі магчымасцямі «інтэлігентнага дому». Тое, што яшчэ год таму было раскошай, цяпер стала больш частым выбарам сярод кліентаў. Нават 30% энергіі можна заашчадзіць пры дапамозе кантролю тэмпературы ў кватэры, асвятлення, клапанаў цёплай і халоднай вады.
Івона Срока адзначае, што чым больш маладых людзей прымаюць рашэнне купіць уласную кватэру ці дом, тым большае зацікаўленне магчымасцямі «інтэлігентнага дому».
Сярод кліентаў сапраўды расце свядомасць неабходнасці павагі да прыроды і навакольнага асяроддзя, але перашкодай часта з’яўляецца фінансавы крытэр – кажа Гжэгаж Келпш з Польскага саюзу фірм застройшчыкаў. Паводле яго, гэта не толькі вынік пандэміі, але ўвогуле прыйшоў час, калі экалагічная свядомасць людзей павялічваецца. Неабходна звярнуць увагу на два моманты, гаворыць Гжэгаж Келпш.
-З аднаго боку, гэта свядомасць кліентаў дэвелоперскіх фірм. А з іншага боку – бюджэт, якім мы распараджаемся пры будове кватэр ці офісных памяшканняў. Згаданыя прапановы вельмі дарагія. І таму яны не выкарыстоўваюцца масава. Свядомасць сапраўды ўсё большая. Часта на этапе прымання рашэння аб пакупцы кватэры выйграваюць праекты, якія выкарыстоўваюць экалагічныя вырашэнні. Потым, на жаль, чаканні параўноўваюцца з бюджэтам, прызначаным на пакупку, і тады рашэнні розныя. Таму гэта пытанне не толькі свядомасці, але і бюджэту.
Марцін Сціган з Міністэрства клімату і навакольнага асяроддзя адзначае, што 2020 год быў пераломным у выкарыстанні фотавальтаікі.
-Раптам за апошнія 12 месяцаў аказалася, што 5% дамоў у Польшчы, а гэта каля 300 тысяч, замантавалі фотаэлементы. Яшчэ нядаўна гэта лічылася нечым вельмі дарагім, што не пасуе для Польшчы, а хутчэй для краін Паўднёвай Еўропы. Гэтая галіна надалей вельмі моцна развіваецца і зацікаўленне не змяншаецца. У сваю чаргу паявіўся дадатковы элемент, за якім будучыня. Гэта фотавальтаіка інтэграваная з будынкамі. Гаворачы пра будаўніцтва і аднаўляльныя крыніцы энергіі не гаворыцца ўжо толькі пра фотаэлементы на дахах. Але гаворыцца пра істотныя элементы, будаўляныя кампаненты, якія таксама могуць быць крыніцай энергіі.
Прадстаўнік Міністэрства клімату і навакольнага асяроддзя прызнаў, што заканадаўства ў гэтай галіне толькі пачынае стварацца, але развіваюцца фірмы на польскім рынку, якія прапануюць такія вырашэнні.
Тэма экатрэндаў у будаўнічай галіне абмяркоўвалася ў рамках экалагічнага саміту Togetair, які ў траўні прайшоў у Польшчы.
ав