Польскае касмічнае агенцтва (POLSA) будзе супрацоўнічаць з Еўрапейскім касмічным фондам. Пагадненне, заключанае гэтымі ўстановамі, прадугледжвае падтрымку рэкламных мерапрыемстваў, у прыватнасці, падчас конкурсу European Rover Challenge.
Прэс-сакратар Польскага касмічнага агенцтва Агнешка Гапыс(Agnieszka Gapys) паясняе, што згаданы конкурс – гэта міжнародны праект, галоўная мэта якога – папулярызацыя і прасоўванне навукі і інавацыйных рашэнняў, распрацаваных ва ўніверсітэтах свету і Польшчы ў галіне касмічных тэхналогій:
- Для Польскага касмічнага агенцтва конкурс з'яўляецца шанцам на фарміраванне кампетэнцый і падтрымку развіцця будучых супрацоўнікаў. Гэта таксама выдатнае месца для наладжвання кантактаў, супрацоўніцтва з замежнымі структурамі, а таксама будавання станоўчага іміджу польскага касмічнага сектара за мяжой.
Еўрапейскі касмічны фонд – гэта няўрадавая арганізацыя, якая працуе з 2014 года і падтрымлівае навуковыя і адукацыйныя праекты ў касмічным сектары і сектары робататэхнікі. Мэта фонду – супрацоўніцтва ў галіне перадачы ведаў паміж кампаніямі і ўстановамі. Арганізацыя таксама распрацоўвае некалькі ўласных праектаў і падтрымлівае партнёрскія праекты, напрыклад, польскую касмічную даследчую станцыю LunAres недалёка ад Пілы ў паўночна-заходняй Польшчы.
аз