Прэс-сакратар польскага ўраду Пётр Мюлер(Piotr Müller) заявіў, што дадзеныя пра беспрацоўе вельмі станоўчыя. Паводле ацэнак, у чэрвені ўзровень беспрацоўя ў краіне склаў 6%. Пётр Мюлер таксама распавёў пра паляпшэнне тэмпаў росту ВУП для Польшчы:
-Гэта азначае, што ўзровень зарэгістраванага беспрацоўя складае менш, чым мільён чалавек. Гэта вельмі станоўчая навіна. Гэта азначае, што пасля складанага часу пандэміі, у тым ліку дзякуючы падтрымцы дзяржавы, удалося захаваць працоўныя месцы. Калі мы параўнаем чэрвень 2014 года з чэрвенем 2021 года, то працу мае на мільён чалавек больш.
Нагадваем, сёлета эканамічны рост у Польшчы склаў 4,8 працэнта ВУП і ён адпавядае сярэдняй па ЕС, а прагноз на наступны год на ўзроўні 5,2 працэнта ВУП – гэта шосты вынік ва ўсёй супольнасці:
- Гэтыя прагнозы прадставіла Еўракамісія. Калі гаворка ідзе пра рост ВУП сёлета, то першы прагноз для Польшчы гаварыў пра 4%, зараз – 4,8%. Гэта станоўчы сігнал для краіны, якая пераадольвае праблемы, выкліканыя пандэміяй каранавіруса.
У аналізе паведамляецца, што пасля нязначнага падзення эканамічнай актыўнасці ў канцы мінулага года бягучы год пачаўся ў Польшчы з хуткага росту. Паводле экспертаў ЕС, галоўным рухавіком росту былі прыватныя інвестыцыі.
«Чакаецца, што ажыўленне набярэ абароты ў другім і трэцім кварталах па меры паступовай адмены санітарна –эпідэмічных абмежаванняў», – напісалі эксперты. Паводле іх, як спажыванне, так і дынаміка інвестыцый павінны працягвацца дзякуючы паляпшэнню настрою бізнесу і грошай з Фонду рэканструкцыі пасля пандэміі.
аз