Кампанія PKN Orlen падпісала стратэгічнае пагадненне з амерыканскай кампаніяй GE Renewable Energy – адным з вядучых сусветных вытворцаў турбін для марскіх ветраных электрастанцый.
Намеснік прэм'ера і міністр дзяржаўных актываў Яцэк Сасін(Jacek Sasin), які прысутнічаў на ўрачыстасці, сказаў, што стратэгічнае партнёрства абедзвюх кампаній не толькі дазволіць развіваць сучасныя энергетычныя тэхналогіі, але і будзе спрыяць стварэнню новых, прывабных працоўных месцаў. Гэта таксама элемент працэсу энергетычнай трансфармацыі Польшчы, нагадаў віцэ-прэм’ер:
-Дзякуючы гэтаму Польшча стане мацнейшай і больш бяспечнай краінай у энергетычным аспекце. Гэта таксама дасць палякам доступ да танных і экалагічных крыніцаў энергіі.
Падпісанае пагадненне ўзмоцніць канкурэнтаздольнасць кампаніі PKN Orlen у яе намаганнях атрымаць новыя канцэсіі на будаўніцтва ветраных электрастанцый у эканамічнай зоне Польшчы ў Балтыйскім моры.
Нагадваем, польская кампанія атрымала канцэсію на будаўніцтва ветрапарка магутнасцю ў 1200 МВт і будзе імкнуцца атрымаць чарговыя для развіцця марскога сектара ветраэнергетыкі.
Марская ветраэнергетыка – адна з асноў «зялёнай трансфармацыі» PKN Orlen. Да 2030 года кампанія плануе інвеставаць 47 мільярдаў злотых (амаль 10 мільярдаў 308 мільёнаў еўра) у энергетычныя праекты з нізкім і нулявым выкідам, у тым ліку ў марскія электрастанцыі.
IAR/аз