«Новыя магчымасці» – гэта дэвіз VI «Кангрэса 590», які пачынаецца сёння ў Варшаве ў выставачным цэнтры EXPO XXI. Падчас двухдзённага мерапрыемства пройдзе некалькі дзясяткаў дэбатаў з удзелам прадстаўнікоў улады, бізнесу, навукі і палітыкі, прысвечаных пераважна эканамічным тэмам.
Галоўным пунктам першага дня кангрэса стане Польска-аўстрыйскі эканамічны форум «Зялёная будучыня» з удзелам прэзідэнтаў Анджэя Дуды і Аляксандра Ван дэр Бэлена.
Тэму працягвае карэспандэнт Польскага радыё Давід Грыгарцэвіч:
- Дэбаты ў рамках VI «Кангрэса 590» былі падзеленыя на сем тэматычных групаў: Новая дзяржава, Новыя сектары, Новыя рынкі, Дэмаграфія, Навука і развіццё, Новы імідж Польшчы і Ахова здароўя. Дыскусіі будуць тычыцца, у тым ліку, лічбавага фармавання адміністрацыі і дзяржаўных паслуг, недахопу кадраў у ахове здароўя, адукацыі і ІТ-сектара, папулярызацыі здаровага ладу жыцця, інавацый і будовы пазітыўнага іміджу Польшчы ў свеце. Галоўным пунктам першага дня кангрэса стане Польска-аўстрыйскі эканамічны форум, прысвечаны зялёнай тэхналогіі. Некаторыя дыскусіі і выступленні будуць транслявацца ў прамым эфіры на сайце kongres590.pl. Назва падзеі – «Конгрэс 590» – адносіцца да прэфікса штрых-кода, які ў большасці выпадкаў выкарыстоўваецца для абазначэння тавараў, якія вырабляюцца або распаўсюджваюцца прадпрыемствамі, зарэгістраванымі ў Польшчы.
дг/аз