Старшыня авіякампаніі LOT заявіў, што польскі дзяржаўны авіяперавозчык плануе звярнуцца па новую дзяржаўную дапамогу. LOT змагаецца з фінансавымі праблемамі, выкліканымі пандэміяй COVID-19.
Рафал Мільчарскі(Rafał Milczarski) падкрэсліў, што абʼём неабходнага фінансавання стане вядомы цягам трох месяцаў:
- Мы зрабілі ўсё магчымае, каб узровень гэтай дапамогі быў максімальна нізкі. Зараз аказалася, што яе не хопіць. Да канца года можна будзе ацаніць неабходны памер другога транша дапамогі.
У канцы мінулага года Еўракамісія пагадзілася на першы транш дзяржаўнай дапамогі для польскай авіякампаніі LOT. Тады перавозчык атрымаў амаль 3 мільярды злотых(больш за 650 мільёнаў еўра). Рафал Мільчарскі звярнуў увагу, што і ў гэтым выпадку спатрэбіцца згода Еўракамісіі. Аднак ён перакананы, што з гэтым праблем не будзе:
- Еўракамісія пагаджалася на падтрымку розных авіялініяў па ўсёй Еўропе, разумеючы, што характар праблем абсалютна беспрэцэдэнтны. У гісторыі авіяцыі ніколі не было падобнага крызісу.
У мінулым годзе з-за пандэміі авіякампанія LOT зафіксавала страты ў памеры мільярда злотых (амаль 217 мільёнаў еўра).
IAR/аз