Польская паліўная кампанія PKN Orlen плануе развіваць вытворчыя магутнасці НПЗ у Мажэйках у Літве. Яшчэ сёлета пачнецца будаўніцтва ўстаноўкі глыбокай перапрацоўкі нафты. Інвестыцыя павялічаць эфектыўнасць НПЗ – з такой жа колькасці сырой нафты будзе вырабляцца больш паліва.
Пра гэта надоечы ў Мажэйках размаўлялі міністр дзяржаўных актываў Яцэк Сасін, старшыня PKN Orlen Даніэль Абайтэк і прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа, які казаў пра магчымае заангажаванне з боку літоўскай дзяржавы:
- Я думаю, што перад намі адкрываецца новая фінансавая перспектыва і выдатная магчымасць выкарыстоўваць сродкі з фондаў ЕС. Мне здаецца, што ў нас ёсць шмат інструментаў для паляпшэння інвестыцыйнага асяроддзя. Гэта могуць быць дзеянні ў галіне лагістыкі, рынку або бізнесу, так, каб дзяржаўная дапамога адчувалася пастаянна.
Кампанія PKN Orlen інвестуе ў Мажэйках 641 млн еўра. Інвестыцыя ў глыбокую перапрацоўку сырой нафты таксама павінна прычыніцца да павышэння канкурэнтаздольнасці завода ў кантэксце ўзмацнення жорсткасці экалагічных правілаў у дачыненні да цяжкага паліва. Праект ліквідуе вытворчасць мазутаў з высокім утрыманнем серы.
Будаўніцтва новай устаноўкі ў Мажэйках дасць магчымасць павялічыць памер прадукцыі з высокай маржай на 12 працэнтаў, то бок да больш за 84 працэнтаў.
Гэты найбуйнейшы ў гісторыі Групы Orlen інвестыцыйны праект павінен быць завершаны да канца 2024 года.
IAR/аз