Беларуская Служба

Польшча робіць стаўку на вадародную эканоміку

19.10.2021 13:04
Амаль 140 суб'ектаў, у тым ліку дзяржаўнага кіравання, прадстаўнікі бізнесу і навукі заключылі пагадненне па вадароднай эканоміцы.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo: edar /pixabay.com/CC0 Public Domain

«Мы пачынаем будаўніцтва новага сектара польскай эканомікі – вадароднай эканомікі», – заявілі ўдзельнікі галіновага пагаднення аб развіцці гэтай сферы, якое надоечы было падпісанае ў Варшаве.

Пагадненне заключылі амаль 140 субʼектаў, у тым ліку дзяржаўнага кіравання, прадстаўнікі бізнесу і навукі.
Міністр клімату і навакольнага асяроддзя Міхал Куртыка(Michał Kurtyka) заявіў падчас цырымоніі, што Польшча – гэта першая краіна ў Еўрасаюзе, у якой пасля абвяшчэння Еўракамісіяй «Вадароднай стратэгіі для кліматычна нейтральнай Еўропы» ў ліпені 2020 года, было заключанае гэткае пагадненне. Міністр дадаў, што зараз выключны момант для развіцця Польшчы:

-Гэта важны момант для развіцця польскай навукі, развіцця польскай прамысловасці, для мадэрнізацыі Польшчы, для таго, каб нашыя супольныя намаганні накіраваць на будучыню.

Намеснік міністра клімату і навакольнага асяроддзя Ірэнэвуш Зыска(Ireneusz Zyska) дадаў, што пагадненне дае новыя магчымасці.

- Нашая мэта, каб у будучыні вадародныя тэхналогіі сталі штодзённасцю. Гаворка ідзе, як пра транспарт, энергетыку, ацяпленне, прамысловую тэхналогію, цяжкую і энергаёмістую прамысловасць, так і пра захоўванне энергіі.

Пагадненне зʼяўляецца працягам працэсу, які пачаўся ў ліпені 2020 года падпісаннем «Ліста аб намерах усталяваць партнёрства для стварэння вадароднай эканомікі і заключэння вадароднага галіновага пагаднення».

IAR/аз

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі

«Польшча імкнецца да самадастатковасці ў энергетычнай галіне»

14.09.2021 11:01
У будучыні Польшча мае намер адмовіцца ад вугалю, кажа ўпаўнаважаны польскага ўраду па стратэгічнай энергетычнай інфраструктуры.