7 снежня на Сусветнай выставе Expo 2020 у Дубаі пройдзе Польскі дзень.
Выбар гэтай даты невыпадковы, кажа каардынатар польскага праекта на Expo 2020 у Дубаі Моніка Дылёнг-Саюр(Monika Dyląg-Sajur) з Польскага агенцтва інвестыцый і гандлю:
- Мы хацелі ўпісацца ў вельмі важны час. Для арганізатараў выставы – гэта тыдзень Залатога юбілею. З 2 па 7 снежня Аб'яднаныя Арабскія Эміраты святкуюць сваё 50-годдзе. Мы хацелі далучыцца да гэтага святкавання і падкрэсліць нашыя 30-гадовыя двухбаковыя кантакты. Гэта таксама выдатны час звярнуць увагу на польскую прысутнасць на выставе.
Нагадваем, днём раней, 6 снежня, у рамках сусветнай выставы пройдзе Польска-арабскі эканамічны форум. Моніка Дылёнг-Саюр нагадала таксама, што гэта адзін з найважнейшых элементаў эканамічнага прасоўвання Польшчы ў Дубаі:
- Мы запрашаем усе зацікаўленыя кампаніі рэгістравацца для ўдзелу ў гэтым мерапрыемстве на старонцы www.expo.gov.pl. Форум будзе падзелены на тры часткі, якія тычыцца экспарту, інвестыцый, а таксама частку прамых перамоў прадстаўнікоў кампаній, у рамках якой адбудзецца да 120 сустрэчаў.
У Сусветнай выставе Expo 2020 у Дубаі ўдзельнічаюць 200 краін і арганізацый. Мэтай цыклічных міжнародных выстаў зʼяўляецца прэзентацыя эканамічных і навуковых дасягненняў дадзенай краіны, а таксама прасоўванне культуры. Гэта таксама месца развіцця эканамічных адносін паміж кампаніямі з розных рэгіёнаў свету.
Сусветная выстава Expo 2020 ў Дубаі адкрылася 1 кастрычніка і будзе доўжыцца да канца сакавіка будучага года. Сёлета мерапрыемства ўпершыню арганізуе арабская краіна.
IAR/аз