Беларуская Служба

Еўрапейскі інвестыцыйны банк падтрымлівае інвестыцыі PKP Intercity

16.12.2021 08:31
Надоечы банк і дзяржаўны чыгуначны перавозчык падпісалі адпаведную крэдытную дамову.
zdjęcie ilustracyjne
zdjęcie ilustracyjneBalkansCat/ Shutterstock

Еўрапейскі інвестыцыйны банк выдзеліць PKP Intercity пазыку ў памеры 4,5 мільярда злотых (больш за 978 мільёнаў еўра). Надоечы па гэтай справе была падпісаная адпаведная крэдытная дамова. Грошы пойдуць на мадэрнізацыю рухомага саставу. Да 2030 года дзяржаўны чыгуначны перавозчык хоча набыць, між іншым, 500 новых вагонаў. Яшчэ 500 плануе мадэрнізаваць.

Як заявіла віцэ-старшыня Еўрапейскага інвестыцыйнага банка Тэрэса Чарвіньска(Teresa Czerwińska), мадэрнізацыя павінна прычыніцца да павышэння зацікаўлення пасажыраў чыгункай у Польшчы:

- Згаданыя сродкі прызначаныя, як на пакупку новага, так і на мадэрнізацыю старога рухомага саставу. Усё гэта ў будучыні павінна прывесці да павышэння якасці паслугаў – камфорту, бяспекі, пунктуальнасці, то бок умоваў, у якіх падарожнічаюць палякі.

Таксама за грошы ад ЕІБ PKP Intercity хоча набыць новыя лакаматывы. Па словах старшыні кампаніі Марэка Хранюка(Marek Chraniuk), інвестыцыі ў рухомы састаў з'яўляюцца элементам буйнейшай стратэгіі, накіраванай на павышэнне зацікаўлення пасажыраў чыгункай:

- Мы купляем новы рухомы састаў, адкрываем новыя станцыі і новыя шляхі. Тут выдатным прыкладам з’яўляецца новая чыгуначная лінія паміж гарадкамі Серпц і Брадніца, а таксама новае спалучэнне праз Плоцк. Можна сказаць, што гэта этап новага развіцца.

Гэта пяты кантракт Еўрапейскага інвестыцыйнага банка з PKP Intercity, заключаны з 2006 года. Тэрмін пагашэння крэдыту – 25 гадоў.

IAR/аз

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі