Беларуская Служба

У Польшчы істотна падаражэе электрычнасць і газ

21.12.2021 11:56
З новага году палякі заплацяць на 24% больш за электрычнасць і на 54% за газ.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneMARVIK/ Shutterstock

Упраўленне рэгулявання энергетыкі зацвердзіла тарыфы на электраэнергію і газ на наступны год. У выніку адбудзецца павышэнне аплаты за энерганосьбіты для хатніх гаспадарак. Пры аналагічным спажыванні прыйдзецца заплаціць за электрычнасць на 24 працэнты больш, за газ – на 54 працэнты.

Індэксацыя тарыфаў звязана, у тым ліку, з павышэннем цэн на аптовых рынках энерганосьбітаў. Таксама павялічыліся зборы за выкіды вуглякіслага газу ў атмасферу, кажа Агнешка Гласнеўска (Agnieszka Głośniewska), прэс-сакратар Упраўлення рэгулявання энергетыкі:

- Вялікая частка электраэнергіі ў Польшчы вырабляецца з вугалю. Мы абавязаны закупляць права на выкіды CO2 на біржы. За апошні год цэны на гэтыя ліміты моцна выраслі. Раней яны каштавалі 130 злотых, а ў лістападзе гэтага года ўжо больш за 300 злотых. Правы падаражэлі тройчы. Адзначым, што ў Польшчы вытворчасць электраэнергіі з вугалю складае 80%.

Павышэнне коштаў на газ можна будзе расцягнуць у часе.

Змененыя нарматыўныя акты дазваляюць размеркаваць рост коштаў на 3 гады.

У адказ на чаканыя павышэнні ўрад падрыхтаваў пакет льготаў, адзначае Войцех Якубік (Wojciech Jakubik), галоўны рэдактар ​​biznesalert.pl:

- Грамадства будзе адчуваць павышэнні. Урадавы антыінфляцыйны шчыт будзе кампенсаваць рост коштаў з дапамогай гэтак званых энергетычных даплат для найменш забяспечаных слаёў грамадства, аднак нельга чакаць, што яны поўнасцю згладзяць рост цэн энерганосьбітаў.

У рамках антыінфляцыйнага шчыта польскі ўрад заявіў аб увядзенні кампенсацыйных дабавак для насельніцтва. У залежнасці ад даходаў хатнія гаспадаркі павінны атрымаць ад 500 да 1400 злотых за год.

Урад таксама знізіў акцыз на паліва да мінімальнага ўзроўню, які дазваляецца ў ЕС, і часова адмяняе падатак на рознічны гандаль палівам. Са студзеня па сакавік таксама ўводзіцца 8% ПДВ на прыродны газ.

Электраэнергія для хатніх гаспадарак будзе абкладацца нулявым акцызам і 5% падаткам на дабаўленую вартасць.

У выніку дзяржаўнага ўмяшальніцтва і змяншэння акцызнага падатку ў панядзелак, 20 снежня, патаннела паліва на заправачных станцыях ў Польшчы. Льготныя падаткі будуць дзейнічаць да канца траўня 2022 года.

На прадаўцоў паліва і электраэнергіі накладзены абавязак інфармаваць кліентаў пра ўведзеныя зніжкі.

яс

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі