Беларуская Служба

Польшча займае 23-е месца ў свеце па памеры ВУП

28.12.2021 08:11
Брытанскія аналітыкі прагназуюць, што ў 2031 годзе ўзровень ВУП дазволіць Польшчы заняць 21-е месца ў свеце.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар. geralt/pixabay.com/CC0 Public Domain

Польская эканоміка займае 23-е месца ў свеце па памеры валавога ўнутранага прадукту. Пра гэта сведчыць штогадовая справаздача, апублікаваная брытанскім Цэнтрам эканамічных і бізнес-даследаванняў (CEBR). У дакладзе бярэцца пад увагу 191 краіна свету.

Тэму працягвае карэспандэнт Польскага радыё Аркадыюш Аўгустыняк:

- Паводле аўтараў справаздачы, сёлетні валавы ўнутраны прадукт дае Польшчы 23-е месца. Больш аддаленыя месцы займалі, сярод іншага, Швецыя, Бельгія, Ірландыя і Аўстрыя. Аналітыкі CEBR прагназуюць, што ў 2031 годзе ўзровень ВУП дазволіць Польшчы заняць 21-е месца ў свеце. У бліжэйшыя 10 гадоў па ВУП Польшча абгоніць, між іншым, Тайвань. Апісваючы польскую эканоміку, аналітыкі звярнулі ўвагу, сярод іншага, на добрую сітуацыю на рынку працы.

Сусветным лідарам па ВУП з'яўляюцца ЗША, якія апярэдзілі Кітай і Японію. Аднак аўтары дакладу чакаюць зменаў у гэтым плане. Яны прагназуюць, што Кітай абгоніць ЗША ў 2031 годзе. Аўтары дакладу таксама адзначаюць, што нягледзячы на пандэмію ў наступным годзе сусветны ВУП упершыню перавысіць 100 трыльёнаў долараў. У леташняй справаздачы яны прагназавалі, што гэты ўзровень не будзе перавышаны да 2024 года.

IAR / аз

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі