Канцэрн KGHM Polska Miedź падпісаў у Вашынгтоне дамову з амерыканскай кампаніяй NuScale аб будаўніцтве модульных атамных рэактараў у Польшчы.
У адпаведнасці з падпісаным пагадненнем, NuScale Power пабудуе шэсць малых атамных рэактараў для KGHM. Першы павінен быць уведзены ў эксплуатацыю ў 2029 годзе.
Віцэ-прэм'ер, міністр дзяржаўных актываў Яцэк Сасін нагадаў у эфіры Польскага радыё, што гэта чарговая дамова такога кшталту з амерыканцамі. Раней на падобны крок пайшла кампанія PKN Orlen, якая выбрала тэхналогію малых модульных рэактараў (SMR) ад кампаніі GE Hitachi.
- Гэтая атамная кампанія пабудуе атамны рэактар магутнасцю ў 300 мегават для канцэрну Orlen. А цяпер гаворка ідзе пра 6 малых рэактараў, агульная магутнасць якіх 460 мегават. Мы падпісалі дамову на пастаўку гэтых рэактараў. Гэта сурʼёзны партнёр, сурʼёзная кампанія. Учора адзін з журналістаў пытаў, ці мы можам мець упэўненасць, што гэтыя рэактары ў Польшчы зʼявяцца. Я думаю, што рэпутацыя амерыканскага партнёра дае нам гэтую ўпэўненасць.
Модульныя рэактары амерыканскай NuScale Power лічацца самай бяспечнай атамнай тэхналогіяй.
У сярэдзіне 30-х гадоў плануецца пабудаваць у Польшчы вялікую АЭС, а першыя малыя атамныя рэактары павінны пачаць працаваць ужо ў 2029 годзе.
яс