Беларуская Служба

Польшча выходзіць з залежнасці ад «Газпрому»

22.02.2022 14:48
PGNiG не будзе працягваць дамову на пастаўкі газу з  «Газпромам».
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneGeorgy Golovin/Shutterstock

Польская нафтагазавая кампанія PGNiG, адказная за забеспячэнне Польшчы пастаўкамі газу, не будзе працягваць дамову на пастаўкі газу з «Газпромам». Ужо некалькі гадоў PGNiG ажыццяўляе стратэгію дыверсіфікацыі паставак газу, між іншым, праз газапорт у Свінавуйсці, праз які паступае ў Польшчу звадкаваны газ, – сказаў на Польскім радыё старшыня PGNiG Павел Маеўскі (Paweł Majewski)

- Гэта ЗПГ – звадкаваны прыродны газ – з Катару, З ЗША. У мінулым годзе мы значна расшырылі кантракты з амерыканскімі фірмамі, з Venture Global LNG, што нам дае магчымасць паставак у памеры 9 млрд кубаметраў, а разам з катарскімі кантрактамі гэта будзе 12 млрд кубаметраў газу. Акрамя гэтага ўласная здабыча ў Нарвегіі і ў будучыні дастаўка праз газаправод Baltic Pipe 8 млрд кубаметраў, таксама айчынная здабыча ў памеры 4 млрд кубаметраў.

Польская нафтагазавая кампанія PGNiG вядзе пошукі газу ва Украіне. Летась польская кампанія купіла 85% акцыяў радовішча ў Львоўскай вобласці побач з польскай мяжой, сказаў старшыня PGNiG Павел Маеўскі:

- Мы вядзем падрыхтоўку да разведачнага бурэння, якое запланаванае ў гэтым годзе. За цяперашняй сітуацыяй мы назіраем з увагай і трывогай, аднак пакуль яшчэ работы працягваюцца.

У цяперашняй сітуацыі палітычнага напружання паміж Украінай і Расіяй, Польшча гатовая дапамагаць Кіеву пастаўкамі газу, кажа Маеўскі:

- Гэта ўжо адбываецца. Сёлета і мінулымі гадамі кампанія PGNiG ажыццяўляла пастаўкі газу на Украіну. Гэта не тыя колькасці, якія цалкам забяспечваюць патрэбы Украіну. На перашкодзе інфраструктурныя абмежаванні, а таксама факт, што асноўнай задачай PGNIG з'яўляецца забеспячэнне газам Польшчы. Тым не менш, некаторыя пастаўкі ідуць. Нават у гэтым годзе амерыканскі звадкаваны газ, які мы атрымалі праз газапорт у Свінавуйсі, паступіў на Украіну.

PGNiG купіла 21 нарвежскую канцэсію на здабычу газу. Калі будзе запушчаны газаправод Baltic Pipe, то ў Польшчу будзе паступаць газ, які будзе здабываць польская кампаніі на нарвежскім шэльфе.

яс

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі