Сёння ў Яўнюнах ля Вільні адбылося афіцыйнае адкрыццё двухбаковага газаправода, які злучае Польшчу і Літву. Гэта чарговая інвестыцыя з мэтай павышэння энергетычнай бяспекі Польшчы і балтыйскіх краін. У цырымоніі адкрыцця інтэрканектара прынялі ўдзел прэзідэнты Польшчы і Літвы Анджэй Дуда і Гітанас Наўседа, а таксама прэзідэнт Латвіі Эгілс Левітс, еўракамісар па энергетыцы Кадры Сімсан і міністры энергетыкі краін Балтыі.
Сёння мы ўзмацняем супраціў палітычнаму ціску і энергетычнаму шантажу з Усходу, заявіў падчас цырымоніі прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа:
- Расійская агрэсія супраць Украіны пацвердзіла наш шматгадовы досвед. Яшчэ раз аказалася, што Расія не з'яўляецца надзейным партнёрам. Гэтая падзея адкрыла вочы многім еўрапейцам. Таму Літва, Польшча і краіны Балтыі кажуць рашучае «не» газу з Расіі, «не» – нафце з Расеі, «не» – фінансаванню агрэсараў. Увесь рэгіён пасылае адзін сігнал.
Гітанас Наўседа таксама выказаў надзею, што ў будучыні інтэрканектар GIPL будзе выкарыстоўвацца для паставак газу ва Украіну.
У сваю чаргу прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда заявіў, што адкрыты сёння газавы інтэрканектар – гэта адказ на энергетычны шантаж з боку Расіі. Такім чынам увесь рэгіён Еўропы становіцца незалежным ад расійскіх рэсурсаў, заявіў прэзідэнт:
- Сёння гэты газаправод, інтэрканектар, які злучае Польшчу і Літву – гэта факт. Гэта факт у моманце, калі Расія чарговы раз выкарыстоўвае газавы шантаж. Гэта гатовы адказ на гэты шантаж.
У цяперашняй геапалітычнай сітуацыі згаданы інтэрканектар павышае энергетычную бяспеку не толькі краін Балтыі і Польшчы, дадаў кіраўнік польскай дзяржавы:
- Некалькі дзён таму расіяне спынілі пастаўкі газу ў Польшчу. Такая сітуацыя раней здаралася ўжо ва Украіне. Менавіта тады Польшча вырашыла, што трэба ад гэтага забяспечыцца. Дзякуючы мудрасці прэзідэнта Леха Качыньскага мы пачалі будаўніцтва газавага тэрмінала ў Свінавуйсці.
Па словах польскага прэзідэнта, тады пачаліся размовы аб будаўніцтве інтэрканектараў, такіх як GIPL.
Інтэрканектар GIPL быў запушчаны 1 траўня. Ён зʼяўляецца сумеснай інвестыцыяй кампаніі Gaz-System і літоўскага аператара перадачы Amber Grid, суфінансаванай Еўрапейскім Саюзам. Інтэрканектар зʼяўляецца часткай палітыкі павышэння энергетычнай бяспекі Польшчы і рэгіёну.
Старшыня кампаніі Gaz-System Тамаш Стэмпень(Tomasz Stępień) падкрэсліў, што газаправод зʼяўляецца важным элементам стратэгіі дыверсіфікацыі паставак газу ў Польшчу:
- Гэты газаправод спалучыў балтыйскія краіны – Літву, Латвію і Эстонію і дзякуючы балтыйскаму інтэрканектару (BalticConnector) таксама Фінляндыю з Польшчай, то бок таксама з сеткай газу Еўрасаюза.
Польшча атрымала таксама доступ да паставак газу праз газавы тэрмінал у Клайпедзе.
Тамаш Стэмпень дадаў, што газаправод будзе вельмі важным для мясцовай газатранспартнай сістэмы, у тым ліку на Падляшшы:
- Дзякуючы гэтаму газаправоду магчымая будзе газіфікацыя рэгіёнаў Падляшша, Варміі і Мазураў. Да газаправода можна будзе падключаць спажыўцоў, у тым ліку цэлыя гарады. Напрыклад, да яго далучаная электрастанцыя ў Астралэнцы.
Газавы інтэрканектар будзе пастаўляць з Літвы ў Польшчу прыкладна 2,5 мільярда кубаметраў прыроднага газу ў год, падкрэсліў прэс-сакратар польскага ўрада Пётр Мюлер(Piotr Muller):
- Вельмі важнае – мець магчымасць захоўвання дадатковых аб’ёмаў газу ў розных месцах. Для нас самае важнае гэта захаванне розных шляхоў паставак газу. Нагадваю, падобны інтэрканектар ужо амаль гатовы на мяжы са Славакіяй. Зараз важна павялічыць сховішчы газу на тэрыторыі Польшчы і закончыць будаўніцтва Baltic Pipe.
Польшча і Літва будуць паслядоўна дыверсіфікаваць свае крыніцы энергіі, каб стаць незалежнымі ад Расіі, заявіў кіраўнік Бюро нацыянальнай бяспекі Польшчы Павел Солях(Paweł Soloch):
- Польшча і Літва адмовіліся ад паставак расійскага газу. Цягам апошніх гадоў перад абліччам пагрозы выкарыстоўвання паставак энерганосьбітаў, як палітычнай зброі згаданая палітыка апраўдала сябе.
З 1 мая па 30 верасня тэхнічная магутнасць газавага злучэння пры пасыле газу ў бок Літвы складзе 2 мільярды кубаметраў у год, а ў бок Польшчы – прыкладна 1,9 мільярда кубаметраў газу ў год. На поўную магутнасць газаправод выйдзе ў кастрычніку бягучага года.
У канчатковым выніку газарпавод павінен дасягнуць прапускной здольнасці ў 2,5 мільярда кубаметраў у бок Літвы і ў 2 мільярды кубаметраў у бок Польшчы. Гэта адпавядае прыкладна 20% імпарту газу з Расіі, які за апошнія 4 гады вагаўся ад 9,5 да 10 мільярдаў кубаметраў у год і каля 10% гадавога попыту Польшчы (20 мільярдаў кубаметраў у год).
Агульная працягласць газаправода складае 508 кіламетраў. Яго даўжыня на польскім баку складае 343 кіламетры. Труба праходзіць праз тры ваяводствы: Вармінска-Мазурскае, Падляшскае і Мазавецкае. На літоўскім баку даўжыня газаправода складае каля 165 кіламетраў і заканчваецца газакампрэсарнай станцыяй у літоўскіх Яўнюнах.
Новы газаправод павінен ліквідаваць гэтак званыя энергетычныя выспы – рэгіёны, залежныя ад паставак газу толькі з аднаго напрамку і станоўча ўплываюць на развіццё газавага рынку ў рэгіёне і цэнавую канкурэнтаздольнасць.
Сярод чаканых выгад ад будаўніцтва газаправода GIPL называецца таксама паляпшэнне стану прыроднага асяроддзя і павышэнне ўзроўню жыцця жыхароў дзякуючы магчымасці замены цвёрдага паліва на газ.
IAR/аз