Польская паліўная кампанія PKN Orlen запусціла ў Кракаве на аўтабазе першую ў Польшчы мабільную вадародную заправачную станцыю. Orlen плануе адкрыць больш такога тыпу станцый у Польшчы, Чэхіі і Славакіі. Старшыня кампаніі Даніэль Абайтэк(Daniel Obajtek) сказаў, што альтэрнатыўныя віды паліва – гэта будучыня:
- Калі мы хочам развівацца, то мы павінны рухацца ў гэтым напрамку, паколькі ў ім рухаецца таксама ўся Еўропа.
Ён нагадаў, што да 2030 года кампанія выдзеліць на рэалізацыю вадародных праектаў 7,4 мільярда злотых:
- Надоечы мы пабудавалі вадародны хаб у Тшэбіні і менавіта з яго, пры дапамозе першай у Польшчы мабільнай вадароднай заправачнай станцыі, будзем запраўляць гарадскія аўтобусы. Наступны вадародны хаб мы будуем у Влоцлаўку, а таксама ў Плоцку.
Да канца бягучага дзесяцігоддзя кампанія PKN Orlen пабудуе дзесяць вадародных хабаў – як у Польшчы, так і ў рэгіёне. Акрамя таго, на працягу васьмі гадоў яна плануе пабудаваць каля 100 вадародных заправачных станцый.
IAR /аз