Беларуская Служба

Украіна – галоўная тэма Эканамічнага форуму ў Карпачы

06.09.2022 10:06
У гарадок на поўдні Польшчы прыедзе больш за 5 тысяч чалавек, у тым ліку амаль 200 гасцей з Украіны.
       XXI
Сёння ў Карпачы на поўдні Польшчы пачынаецца XXI Эканамічны форумPAP/Tomasz Wiktor

Сёння ў Карпачы на поўдні Польшчы пачынаецца XXI Эканамічны форум. Лозунг сёлетняга мерапрыемства: «Еўропа перад новымі выклікамі». Галоўнай тэмай трохдзённай канферэнцыі стане вайна ва Украіне, яе наступствы, падтрымка і аднаўленне ўкраінскай эканомікі.

Старшыня Праграмнай рады Эканамічнага форуму Зыгмунт Бэрдыхоўскі(Zygmunt Berdychowski) паведаміў, што арганізатары падрыхтавалі больш за 400 тэм для дэбатаў і дыскусій:

- Яны будуць тычыцца ў тым ліку Украіны, кліматычнай палітыкі, бізнесу, менеджменту, энергетычнай бяспекі, культуры, СМІ і няўрадавых арганізацый. Адным словам, уся сфера грамадскага, сацыяльнага і эканамічнага жыцця ў розных вымярэннях будзе асновай для абмеркавання на Эканамічным форуме.

Канферэнцыю адкрые прэзентацыя пятага выдання Даклада Варшаўскай школы эканомікі і Эканамічнага форуму аб сучаснай эканамічнай сітуацыі ў Польшчы і Цэнтральна-Усходняй Еўропе:

- Зараз гэта найважнейшы даклад, прысвечаны Цэнтральна-Усходняй Еўропе, які спрабуе падсумаваць найважнейшыя падзеі, якія адбываюцца ў нашых эканоміках. Гаворка ідзе пра такія аспекты, як дэмаграфія, падатковая сістэма, фінансавы сектар і іх ключавое значэнне для сучаснай эканомікі.

Традыцыйна падчас форуму будуць уручаныя ўзнагароды: «Чалавек года», «Кампанія года» і « Няўрадавая арганізацыя года», нагадаў Зыгмунт Бэрдыхоўскі:

- У мінаючым годзе адбывалася шмат падзеяў, звязаных з Усходняй Еўропай. Таму не павінна быць неспадзяванкай, што гэта, перш за ўсё, асобы і ўстановы, заангажаваныя ў тое, што адбываецца пасля 24 лютага будуць ушанаваныя падчас Эканамічнага форуму.

У дыскусійных панэлях і дэбатах возьмуць удзел, між іншым, прадстаўнікі ўраду, палітыкі, эканамісты, эксперты, прадпрымальнікі з Польшчы і з-за мяжы. Усяго ў Карпач прыедзе больш за 5 тысяч чалавек, у тым ліку амаль 200 гасцей з Украіны. Форум арганізаваны Фондам «Інстытута ўсходніх даследаванняў».

IAR/аз

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі

Праз тыдзень у гарадку Карпач пачнецца XXXI эканамічны форум

30.08.2022 11:02
Найбуйнейшая міжнародная канферэнцыя ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе пачнецца 6 верасня.