Сёння апошні дзень Нацыянальнага эканамічнага саміту ў Любліне, які праходзіць пад лозунгам: «Дзяржава – эканоміка – бяспека: вайна ў Еўропе. Польшча перад абліччам новых выклікаў».
Падчас мерапрыемства шмат месца прысвячалася Украіне. Старшыня Польскага агенцтва інвестыцыяў і гандлю Кшыштаф Дрында(Krzysztof Drynda) сказаў, што многія польскія фірмы зацікаўленыя ва ўдзеле ў адбудове краіны пасля вайны:
- У спісе ўжо амаль 1,5 тысячы кампаніяў, якія плануюць дзейнічаць на ўкраінскім рынку і прыняць удзел у пасляваеннай адбудове краіны. Мы чакаем, калі згаданы працэс пачнецца ў поўным маштабе. Зараз там сітуацыя вельмі складаная, але гэта не перашкода для многіх польскіх кампаніяў, якія ўжо дзейнічаюць ва Украіне.
Кшыштаф Дрында дадаў, што патрэбы вялікія:
- Зараз неадкладная адбудова стратэгічнай інфраструктуры – дарогаў, мастоў, сеткі энергаперадачы, а таксама сістэмы пасылу дадзеных і тэлекамунікацыйнай бяспекі.
Кіраўнік Польскага агенцтва інвестыцыяў і гандлю падкрэсліў, што тавараабарот з украінскім бокам расце вельмі хутка.
У эканамічным саміце ў Любліне бяруць удзел прадстаўнікі ўрада, мясцовага самакіравання, прамысловасці, няўрадавых арганізацый і навукоўцы. Сёлета саміт быў арганізаваны ў восьмы раз.
IAR/аз